Адна з самых гарачых кропак Іраку гэтымі днямі – горад Эль-Фалуджа на захадзе ад Багдаду. Жыхарам гораду забаронена насіць зброю і зьбірацца групамі. Болей як тысяча амэрыканскіх марскіх пехацінцаў і байцоў ірацкага спэцназу вядуць баі з паўстанцамі з выкарыстаньнем гэлікоптэраў. Зрэшты, амаль адразу, як быў зрынуты рэжым Садама Хусэйна, Эль-Фалуджа стала адным з цэнтраў суніцкага супраціву сілам кааліцыі. І вось цяпер тут адкрыты, так бы мовіць, “другі фронт” – шыіцкі. Яго лідэр -- малады шыіцкі багаслоў Мактада Ас-Садр. Ён стварыў сваё войска -- “Войска Махдзі” , якое налічвае паводле некаторых ацэнак да дзесяці тысяч чалавек. Калі на мінулым тыдні амэрыканская адміністрацыя арыштавала памочніка Мактады і зачыніла выдаваную ім газэту, “войска Махдзі” перайшло да ўзброенай барацьбы.
Я б хацеў крыху распавесьці слухачам пра гэтую новую постаць ірацкай палітыкі. Мактады Ас-Садру 30 гадоў, ён сын знакамітага рэлігійнага ірацкага рэлігійнага лідэра, якога ў 1999 годзе забілі спэжцслужбы Садама Хусэйна. У гонар бацькі маладога палітыка зараз названы адзін з раёнаў Багдаду. Пры Хусэйне Мактады не займаўся палітыкай, але спакваля мацаваў сетку дабрачынных фондаў, створаных бацькам . Пасьля скіданьня рэжыму Хусэйна ён, у адрозьненьні ад іншых, больш памяркоўных шыіцкіх лідэраў, адразу ж заняў антыамэрыканскую пазыцыю. Але што больш важна – пачаў ствараць фактычна ўласнае войска, ствараць , дарэчы, карыстаючыся той свабодай , якую прынесьлі сілы кааліцыі. Размова ішла фактычна пра пабудову дзяржавы ў дзяржаве – у кантраляваных імі раёнах людзі Мактады ўсталёвалі свае суды. Да таго ж малады лідэр мэтадычна ўбіраў канкурэнтаў, у красавіку летась людзі Мактады забілі шыіцкага багаслова аяталу Аль-Коі, які вызначаўся праамэрыканскай пазіцыяй. Дарэчы у гэтым забойстве абвінавачваюць як раз памочніка Мактады, арыштаванага на мінулым тыдні.
Чаму амэрыканская адміністрацыя Іраку не ўтаймавала такога палітыка раней? Калі адказаць каротка – таму, што амэрыканцы хацелі прынесьці іракцам свабоду, а не свой прыгнёт. Да таго ж да апошняга часу супраціў амэрыканцам рабілі ў асноўным суніты, рэлігійная грамада , якая была прывілеяванай пры Хусэйне. Шыіцкая большасьць, якая жорстка дыскрымінавалася пры дыктатары, ставілася да скіданьня Садама і акупацыйных уладаў калі не прыхільна, то па меншай меры не агрэсіўна. І амэрыканцы не хацелі прымаць жорсткія дзеяньні адносна хай сабе і небясьпечнага радыкальнага палітыка, каб не правакаваць незадаволенасьць шыітаў. Было спадзяваньне, што яго утаймуюць больш памяркоўныя шыіцкія лідэры, і галоўны з іх – аятала Аль-Сістані. Але Аль-Сістані ў сваю чаргу не захацеў ўступаць у жорсткую палітычную бойку з маладым радыкалам, каб ня страціць уплыў і не выглядаць амэрыканскім калябарантам.
Я хачу прывесьці цікавае параўнаньне зь сёньняшняга нумару газэты “Вашынгтон Пост” . Аўтар артыкулу піша: “Ас-Садр стаў ірацкай вэрсіяй Леніна на Фінляндзкім вакзале. Гэтак жа, як і Ленін, Ас-Садр адчуў настрой людзей, які значна больш пашыраны, чым можна меркаваць паводле колькасьці ягонага войска”. І ў працяг расейскай аналёгіі газэта піша, што ўрад, які прыйдзе да ўлады пасьля 30 чэрвеня, патрапіць у сытуацыю, у якой апынуўся Аляксандар Керэнскі.
Шмат назіральнікаў адзначаюць, што палітыкі, якія спакойна ставяцца да амэрыканскай прысутнасьці, тая ж сябры кіруючай Рады Іраку, ня маюць вялікага аўтарытэту ў грамадзтве. Зразумела, далёка ня ўсе іракцы і ня ўсе шыіты захапляюцца эсктрэмісцкімі прамовамі і тым болей экстрэмісцкімі дзеяньнямі Мактады Ас-Садра , але і супрацьстаяць яму гатовы далёка ня кожны. Апошнімі днямі байцы ягонага “Войска Махдзі” даволі лёгка раззбройвалі створаную амэрыканцамі паліцыю ў раёнах забурэньняў. Выпісаны ордэр на арышт Мактады, але выканаць гэты загад пакуль не атрымліваецца. Так што аналёгія з дзеяньнямі бальшавікоў у 1917 ў прынцыпе дарэчная.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заяўляе, што нягледзячы на апошнія падзеі ў Іраку, тэрмін перадачы ўлады іракцам – 30 чэрвеня пакуль не адмяняецца. Наколькі важная гэтая заява? Вельмі важная. Пэрспэктыва атрымаць ўладу крыху стрымлівае радыкальных ірацкіх палітыкаў: маўляў, ня варта ўступаць у бойку зараз , калі можна пачакаць і атрымаць уладу пасьля 30 чэрвеня. Але перадача ўлады іракцам не азначае, што амэрыканскія войскі пакінуць Ірак. Памяркоўныя ірацкія палітыкі і замежныя экспэрты адзначаюць, што ў іншым выпадку Ірак напаткалі б хаос і грамадзянская вайна ці нават прыход да ўлады такіх радыкалаў, як Мактады Ас-Садр.