МОВАЗНАЎЦУ ВІНЦУКУ ВЯЧОРКУ НЯ ДАЛІ СУСТРЭЦЦА З МАЛАДЫМІ ФІЛЁЛЯГАМІ Ў НАВАПОЛАЦКУ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Сустрэча мелася адбыцца ў памяшканьні бібліятэкі імя Якуба Коласа, падчас якой мовазнаўца зьбіраўся прачытаць студэнтам гісторыка-філялягічнага факультэту мясцовага ўнівэрсытэту і ўсім зацікаўленым рэфэрат на тэму “Праблемы рэфармаваньня беларускага правапісу і пашырэньня сфэры ўжытку беларускай мовы ў сучасных умовах”. Сустрэча гэтая была ўнесеная ў плян працы бібліятэкі яшчэ пры канцы леташняга году, і на ёй, згодна папярэдняй дамове, мусіла ісьці выключна навуковая гаворка.

Аб згаданай імпрэзе было паведамлена ў мясцовым друку. Аднак у самы апошні момант, літаральна за некалькі гадзінаў да яе пачатку, дырэктар Наваполацкай цэнтральнай бібліятэчнай сыстэмы паведаміла яе арганізатарам, што сустрэча зь Вінцуком Вячоркам у згаданым месцы адбыцца ня можа.