ВОСЕМ ГАДОЎ ПАВІНЕН ПРАВЕСЬЦІ Ў ТУРМЕ БЫЛЫ СТАРШЫНЯ ПРАЎЛЕНЬНЯ “МЕНСККОМПЛЕКСБАНКУ”

Алег Грузьдзіловіч, Менск

7 красавіка ў Маскоўскім судзе Менску абвешчаны прысуд былому старшыню праўленьня “Менсккомплексбанку” Яўгену Краўцову. Паводле суду, Яўген Краўцоў скраў зь “Менсккомплексбанку” больш за 3 мільёны даляраў. Ён прызнаны вінаватым таксама ў службовых злоўжываньнях. Былога банкіра суд пакараў 9 гадамі зняволеньня, зьняўшы 1 год паводле амністыі. Такім чынам, за кратамі Яўген Краўцоў мусіць правесьці 8 гадоў. Таксама сканфіскаваная ўся ягоная маёмасьць.

Пры гэтым Яўген Краўцоў вінаватым сябе гэтак і не прызнаў і пасьля абвяшчэньня прысуду заявіў Радыё Свабода, што будзе яго абскарджваць:

(Краўцоў: ) “Усе гэтыя даўгі банк даўно вярнуў. І акцыянэры банку ня бачаць, у чым нанесеныя страты, у якіх мяне абвінавацілі. Пазоў супраць мяне падала пракуратура, банк ніякага пазову не падаваў”.

Нагадаю, банкір быў арыштаваны год таму. Міліцыя высадзіла Яўгена Краўцова зь цягніка, якім ён ехаў зь Менску ў Маскву. Тады Яўген Краўцоў ужо ня быў банкірам, а займаў сьціплую пасаду прадусара мэдыяфірмы. Супраць яго ўжо вялася крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў крадзяжы больш як трох мільёнаў даляраў. Яўген Краўцоў вінаватым сябе не прызнаў. Ён лічыць, што віна за нявернутыя банку грошы ляжыць на нядобрасумленным кліенце.

Былы камсамольскі актывіст Яўген Краўцоў напачатку 1990-х гадоў быў адным са стваральнікаў камэрцыйнага “Менсккомплексбанку”. Вядомы ён таксама датычнасьцю да шматлікіх кіна- і мэдыяпраектаў. У прыватнасьці, Яўген Краўцоў укладаў грошы ў разьвіцьцё беларускага КВН, іншых гумарыстычных праграмаў і нават сам здымаўся ў праграме “Банка коміксаў”.

“Лепш бы ён больш часу надаваў кіраўніцтву банку”, — лічыць кіраўнік інфармацыйнага ўпраўленьня Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў. Паводле яго,“Менсккомплексбанк” апынуўся ў дрэнным становішчы з прычыны кепскага кіраваньня, але цяпер “сытуацыя паступова выпраўляецца”. На асабістых рахунках грамадзянаў Беларусі ў “Менсккомплексбанку” знаходзіцца больш за 10 мільёнаў даляраў. Гэтыя грошы былі замарожаныя, толькі нядаўна выплаты па ўкладах аднавіліся.

Яўген Краўцоў стаў трэцім беларускім банкірам, пасаджаным за краты. Раней былі асуджаныя на зьняволеньне былыя кіраўнікі Ашчаднага банку Ўладзімер Хілько і “Белпрамбудбанку” Міхаіл Ракаў. Да судовай адказнасьці прыцягваўся таксама былы старшыня “Аграпрамбанку” Міхаіл Чыгір. Былую старшыню праўленьня Нацыянальнага банку Тамару Віньнікаву дагэтуль шукае беларуская міліцыя.