Польскі пісьменьнік Тадэвуш Канвіцкі павітаўся, гледзячы на мяне дапытліва і нават насьцярожана. Але як толькі даведаўся, што гутарыць давядзецца з беларусам, насьцярожанасьць зьмянілася відавочнай прыязнасьцю. У адказ на маё ламанае прабачэньне за слабое веданьне польскай, ён прапанаваў: “А Вы гаварыце па-беларуску, гэта мова майго дзяцінства”. Гутарка гэтак і атрымалася – Канвіцкі слухаў пытаньні па-беларуску і адказваў па-польску. Прычым нават калі пытаньне наўпрост ня тычылася Беларусі, ён часта вяртаўся да беларускай тэмы.
(Канвіцкі: ) “Я вельмі зьвязаны зь Беларусьсю. Вельмі адчуваю і перажываю ўсе няўдачы Беларусі. Беларусь нікога ніколі не прыгнятала, не забівала. Гэта нацыя вельмі лагодных людзей. Я сам быў у партызанцы і ведаю, што ўсе гэтыя партызаны, незалежна ад ідэалёгіі, жылі зь беднага беларускага насельніцтва. Я маю на ўвазе рэквізыцыі харчоў, коней, абавязковае кватэраваньне па вясковых хатах. Беларусь даволі зьнясіленая і яна не атрымала ніякай дапамогі з Эўропы. Нават палякі ў гэтым сэнсе ня надта паказалі сябе, бо, па-мойму, у першую чаргу трэба зьвяртаць увагу на братнія народы, якія перажываюць сур'ёзныя цяжкасьці. У мяне былі моманты адчаю, што зноў у Беларусі будзе нейкая расейская, занядбаная губэрня, бяз сваёй тоеснасьці, але цяпер я назіраю, што нешта ў Беларусі варушыцца, нешта нараджаецца. Я вельмі хацеў бы, каб гэта была сувэрэнная, незалежная дзяржава".
Тадэвуш Канвіцкі гаворыць, што ён з радасьцю сочыць за посьпехамі беларусаў – да прыкладу, за выступленьнямі вядомага беларускага кік-баксэра Аляксея Ігнашова.
(Канвіцкі: ) "Калі ён выступае, дык я заўсёды перажываю за яго і цешуся, калі ён дасьць добрага высьпятка, напрыклад, нейкаму галяндцу".
***
У біяграфіях Канвіцкага адзначаецца, што як пісьменьнік ён пачынаў у стылі гэтак званага “сацыялістычнага рэалізму”, і толькі ў 1960-я гады адышоў ад гэтай эстэтыкі. Я запытаўся, ці праўдзівае вызначэньне ягонай раньняй творчасьці, як “сацрэалізму” і што паспрыяла пазьнейшай зьмене.
(Канвіцкі: ) "Так, гэта праўда. Трэба памятаць, што я васемнаццацігадовым хлопцам перажыў вайну, а вайна на нашых землях, маю на ўвазе сёньняшнія Літву і Беларусь, мела форму вялікага міжпляменнага супрацьстаяньня. Усе ваявалі супраць усіх. Вайна была лютая. Я выжыў, і ў мяне зьявілася думка, што трэба пачаць жыць нанава, бо ў ранейшых маральных, палітычных і грамадзкіх умовах нічога новага не атрымлівалася, бо ўсё, што чалавецтва пабудавала да паловы 20 стагодзьдзя, развалілася. Галякост, бойні, перасяленьні – і калі я сустрэўся з так званым "сацыялізмам", ён мне падаўся рацыянальным рэцэптам на новае жыцьцё ў сэнсе нацыянальным, грамадзкім, мэнтальным. Я адчуваў, што ХІХ стагодзьдзе, якое на нашых землях працягвалася да Другой Усясьветнай вайны, мусіць закончыцца. Вось таму сацыялізм мне падаўся панацэяй ад ўсяго, што выявілася ў часе вайны. Аднак празь нейкі час я заўважыў пад покрывам сацыялізму расейскі імпэрыялізм. Гэта мяне турбавала і навучыла абачлівасьці. Паступова, я пачаў адыходзіць ад сацыялізму, але не да іншай ідэалёгіі, толькі ўглыб сябе, да сваіх каштоўнасьцяў, да маёй ацэнкі сьвету, да маіх маральных крытэрыяў, і тады пачаліся так званыя "невялікія канфлікты".
Пазалетась у часопісе “АRCHE” зьявіўся пераклад Тадэвуша Канвіцкага на беларускую. У ягоным творы “Малы Апакаліпсыс,” ўпершыню надрукаваным у 1979 годзе, галоўнага героя заахвочваюць спаліць сябе на знак пратэсту перад будынкам ЦК кампартыі.
(Канвіцкі: ) "Мне здаецца, што ў “Апакаліпсысе” я захаваў пэўную асьцярожнасьць; я наагул яе захоўваю у выніку майго юнацкага досьведу. Я глядзеў на нашае тагачаснае польскае жыцьцё – таталітарны рэжым і апазыцыю – аб'ектыўна, гэта значыць, не дзяліў сьвет на белы і чорны. Я не лічыў, што апазыцыянэры сьвятыя, а другі бок – мярзотнікі. Я спрабаваў знайсьці ва ўсім нейкую праўду. Я хіба не памыляўся, бо ўсё, што робяць людзі, мае заганы, і апазыцыя пасьля прыходу да ўлады таксама дапускала памылкі, таксама абцяжараная грахамі. Таму “Апакаліпсыс” – гэта маё бачаньне рэчаіснасьці, хаця некаторыя апазыцыйныя дзеячы мелі да мяне за гэта прэтэнзіі, што я прадставіў іх ня надта гераічнымі. Аднак я лічу, што я прадставіў іх аб'ектыўна, хаця ня ведаю, як гэта атрымалася ў літаратурным сэнсе. Некалі гэта людзі ахвотна чыталі, бо яно адпавядала настроям, у якіх мы жылі".
У кніжным аглядзе газэты “New York Times “Малы Апакаліпсыс” назвалі сумесьсю сатыры і кашмару, любоўнай гісторыі і палітычнага аналізу. Іранічныя і рэалістычныя назіраньні за побытам у краіне “пераможнага сацыялізму” у творы суседнічаюць зь філязофскай глыбінёй.
“Азарэньне азарэньнем. Так, бачу, помню ўчарашнюю ноч. Неспадзяваная сьветліня на парозе восеньскай ці летняй ночы. Раптоўная, усёабдымная пэўнасьць, што гэта мы, людзі, гэтая рака біялягічнай матэрыі, якая плыве зь ніадкуль у нікуды, што гэта мы стварылі Бога. Не за сем дзён, але за вякі ледавікоў і тропікаў, за вякі нараджэньня кантынэнтаў і высыханьня мораў, за вякі разьвіцьця паўкуляў мозгу і адміраньня шчэлепаў, за злыя і добрыя вякі, за ўяўленыя і дагэтуль пакрытыя таямніцай эры, за ўсю нашую людзкую вечнасьць — з высілкам, з болем, з пакутай стварылі нашага Бога, Бога міласэрнасьці і дабра, каб ён бараніў нас ад зла сусьвету, космасу ці, прынамсі, гэтага блакітнага неба, якое б’е нас перунамі. Каб ён бараніў нас ад нас.
Бог існуе. Бог, вылеплены з нашых электрамагнітных ці якіх іншых хваляў, хваляў, выпраменьваных нашымі пакутамі, нашай роспаччу, нашым гневам. Бог проці іншых Багоў.
Наш Бог мацнее, апаноўвае найдалейшыя галяктыкі, урэшце запануе над усім сусьветам, нашым сусьветам, бо мы нічога ня ведаем пра іншыя сусьветы, і зробіць нас абраным родам з запаветнай зямлі. Бог міласэрнасьці. Бог людзей.
Я пачынаю павольна ісьці да каменнай плятформы над невысокімі сходамі. Ногі цяжэюць, і галава цягне да зямлі, зь якой я некалі паўстаў і да якой мушу вярнуцца сваёй воляю. Людзі, дадайце мне моцы. Людзі, дадайце моцы кожнаму ў сьвеце, хто ў гэты час ідзе разам з мной на самаспаленьне. Людзі, дадайце моцы. Людзі...”
***
У сваіх творах Тадэвуш Канвіцкі часта зьвяртаўся да вобразу Віленшчыны. Пры канцы 1980-х гадоў менавіта там ён здымаў фільм паводле “Дзядоў” Адама Міцкевіча.
(Канвіцкі: ) "У Горадні малады беларускі памежнік сказаў: "Вы едзеце здымаць фільм паводле нашага найвялікшага беларускага паэта". Так – адказваю я. Рэч у тым, што наша культурная супольнасьць – гэта станоўчая зьява. Гэта не тое, што будзе дзяліць, але тое, што будзе аб'ядноўваць".
У цяперашняй Беларусі культурная супольнасьць з заходнімі суседзямі ня ўпісваецца ва ўладныя ідэалягічныя схемы. Аднак і іншыя краіны ўсходняй Эўропы маюць менш культурных кантактаў міжсобку, чым уплываў сучаснай амэрыканскай ці, напрыклад, брытанскай, культуры. Вось што гаворыць пра гэта Тадэвуш Канвіцкі.
(Канвіцкі: ) "Любое жорсткае кіраваньне культурай – недапушчальнае. Мы маем свабодны рынак. Цяпер мы перажываем шок ад сустрэчы з Захадам. Ідзе працэс амэрыканізацыі нашай культуры, але таксама чэскай, літоўскай, украінскай. Гэта было непазьбежна, бо мы доўга марылі пра Захад і хацелі пабачыць яго. Нядаўна, ідучы ў Варшаве па вуліцы " Новы Сьвет" я раптам усьвядоміў, што яна нагадвае вуліцы ў нейкім Чыкага. Мноства напісаў па-ангельску, чаго я не разумею і не ўспрымаю. Гэта дзіцячая хвароба. Трэба было пазнаёміцца з гэтай культурай, захлынуцца гэтай унівэрсальнай, глябальнай, амэрыканскай культурай. Але мне здаецца, што гэта пройдзе і гэтыя нашы ўзаемныя ўплывы ня трэба рэгуляваць зьверху. Ня трэба, каб нас прымушаць вывучаць беларускую мову, а беларусаў – літоўскую. Ўсё само сабою наладзіцца. Зьявіцца ўзаемнае зацікаўленьне зьнізу. Мне самому было надзвычай прыемна, калі часопіс "АRCHE" апублікаваў мой твор. Цяпер я хвалюся, што ў маёй улюбёнай Беларусі мяне ўпершыню надрукавалі".
Некаторыя творцы неафіцыйнай літаратуры за часамі камунізму цяпер скардзяцца, што ў сучасных рынкавых умовах роля пісьменьніка згубілася. Маўляў, калі раней творы забаранялі, дык цяпер на іх проста не зьвяртаюць увагі. Тадэвуш Канвіцкі такія скаргі не прымае.
(Канвіцкі: ) "І мяне публікавалі, напрыклад "Малы апакаліпсыс," ў сотнях тысяч экзэмпляраў, а цяпер, калі выдаюць дзесяцітысячным тыражом, то я гэтым задаволены. Гэта нармальна. Пісьменьнікі павінны зьмірыцца з тым, што папулярная літаратура, нейкі "Гары Потэр" мае сотні тысяч накладу, але высокамастацкая літаратура – 5, 6, 7 тысяч асобнікаў. Важна, што ёсьць нейкая група грамадзтва, інтэлігенцыя, якой мы патрэбныя, якая нас чытае. Зразумела, што чалавек бываў разбэшчаны савецкімі накладамі, але гэтыя творы не пакідалі сьледу душах чытачоў, як гэта цяпер бывае з малатыражнымі творамі. Я проста зьмірыўся з пэўнымі усясьветнымі нормамі. Па ўсім сьвеце тэлебачаньне, моладзевая музыка бярэ верх над пісаным словам. Але ня выключана, што наступнае пакаленьне павернецца ў іншы бок, магчыма вернецца да клясыкі. Ня трэба ўсім гэтым пераймацца. Трэба рабіць сваё. Што тычыцца Беларусі, дык трэба рабіць, каб яна засталася Беларусьсю. Добра было б, каб моладзь і інтэлігенцыя ўзяліся за справу сёньня не з апатыяй, але з энтузіязмам і вырашыла: Трэба рухацца наперад і прапагандаваць Беларусь".