ГОМЕЛЬСКАЯ ЎПРАВА ЮСТЫЦЫІ НЕ РЭГІСТРУЕ НОВЫХ ГРАМАДЗКІХ АБ’ЯДНАНЬНЯЎ

Казімер Яноўскі, Гомель

Управа юстыцыі не прымала афіцыйнага рашэньня адносна рэгістрацыі “Грамадзянскай альтэрнатывы” тры з паловай месяца, хаця статутныя дакумэнты паводле беларускага заканадаўства павінны разглядацца цягам 30 дзён. Старшыня навастворанага аб’яднаньня Ўладзімер Кацора вымушаны быў ня толькі дасылаць запыт ва ўправу юстыцыі, але і скардзіцца ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі.

Днямі на адрас спадара Кацоры прыйшла адмова ў рэгістрацыі. Абласную ўправу юстыцыі не задаволіла тое, што аб’яднаньне “Грамадзянская альтэрнатыва” мае намер уступаць у міжнародныя арганізацыі і займацца выдавецкай дзейнасьцю. Яшчэ адна прэтэнзія датычыць сэмантыкі словаў “гуманітарны” і “гуманістычны”.

Істотным парушэньнем управа палічыла непазначаны нумар пакою ў гарантыйным лісьце на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу, а таксама розныя даты нараджэньня аднаго з заснавальнікаў “Грамадзянскай альтэрнатывы”.

Прэтэнзіі ўправы юстыцыі камэнтуе адзін з кіраўнікоў новага аб’яднаньня, юрыст Леанід Судаленка:

(Судаленка: ) “Усе гэтыя прэтэнзіі не абгрунтаваныя зь юрыдычнага гледзішча. Управа юстыцыі не знайшла пераканаўчых падставаў для адмовы і накіравала нашы статутныя дакумэнты ў рэспубліканскую рэгістрацыйную камісію. Праўдападобна, там згледзелі, што бальшыня заснавальнікаў новага аб’яднаньня — сябры закрытых уладамі “Грамадзянскіх ініцыятываў”. Сталі шукаць зачэпак. Але з парадкам дзяржаўнай рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў ні адзін пункт адмовы ўправы юстыцыі ня стасуецца”.

Кіраўніцтва “Грамадзянскай альтэрнатывы” накіравала пазоў у абласны суд на адмову ў рэгістрацыі.

(Кацора: ) “Нам як грамадзянам Рэспублікі Беларусь адмаўляюць у праве ствараць грамадзкія асацыяцыі”, — лічыць старшыня незарэгістраванага аб’яднаньня спадар Кацора.

Стала вядома таксама, што Камітэт ААН у пытаннях правоў чалавека прыняў да разгляду скаргу зьліквідаванага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. У лісьце зь Вены кіраўніку “Ініцыятываў” Віктару Карніенку паведамілі, што ў апаведнасьці з правіламі копія скаргі накіраваная для ацэнкі беларускаму ўраду.

Урад павінен даць адказ Камітэту ААН пра зьліквідаваньне аб’яднаньня цягам шасьці месяцаў.