ЗЬЛІКВІДАВАНЫ БЕЛАРУСКАМОЎНЫ ДЗІЦЯЧЫ ЧАСАПІС “БЯРОЗКА”

Галіна Абакунчык, Менск

Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэта робіцца дзеля эканоміі бюджэтных сродкаў, аднак рэдакцыйны калектыў перакананы, што гэтак званая рэарганізацыя адбылася паводле ідэялягічных меркаваньняў.

Рэарганізацыя распачалася пасьля загаду аб пераводзе “Бярозкі” ў склад холдынгу “Літаратура і Мастацтва”. Але ў абарону выданьня выступілі літаратары й дзеячы культуры, якія накіравалі ліст пратэсту ўраду і ў Міністэрства інфармацыі.

Адказам высокіх чыноўнікаў стаўся перавод часапісу ў падпарадкаваньне “Настаўніцкай газэце”, што не зьмяніла сутнасьці – “Бярозка” пазбаўляецца юрыдычных правоў, а рэдакцыйны калектыў звальняецца ў поўным складзе. Сярод іншых – Алесь Наварыч, які ёсьць сёлетнім намінантам прэміі Аляксандра Лукашэнкі.

Супрацоўнікі ня верыць у эканамічную падставу гэтых зьменаў і мяркуюць, што сапраўднай прычынай ёсьць рэдакцыйная палітыка “Бярозкі”, скіраваная на прапаганду не дзяржаўнай ідэялёгіі, а беларускасьці.

Вось што ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў намесьнік рэдактара Ўладзімер Мароз.

(Мароз: ) “У нас палітыка адна – выхоўваць у дзяцей любоў да нашай роднай Беларусі й усё. Ці гэта наступ на ўсё беларускае? Можна згадаць і ліквідацыю выдавецтва “Юнацтва”. Дзіцячая рэдакцыя на радыё закрытая. Гуманітарны ліцэй разагнаны. Можа гэта ідзе ў адным шэрагу?”

“Бярозка” – адзін зь нямногіх беларускамоўных дзіцячых часапісаў. Сёлета яму спаўняецца 80 гадоў. За гэты час супрацоўнікамі й аўтарамі выданьня былі многія вядомыя ў краіне, пісьменьнікі й паэты. Да прыкладу, Рыгор Барадулін, Уладзімер Ягоўдзік, Адам Глёбус.

Вось што ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў былы супрацоўнік часапіса, паэт Алесь Бадак.

(Бадак: ) “Гэты часапіс вельмі патрэбны, бо гэта адзінае літаратурнае выданьне, якое друкуе дзіцячую літаратуру й літаратуру для падлеткаў. Яе ў нас і так мала, а калі ня будзе “Бярозкі”, то я баюся, што яна зусім зьнікне”.

Гаварыў Алесь Бадак. Рэдакцыйны калектыў “Бярозкі” накіраваў ліст пратэсту супраць свайго звальненьня на адрас Міністэрства інфармацыі й там, нібыта, паабяцалі паклапаціцца пра далейшы лёс супрацоўнікаў.

Аднак пра сапраўднае стаўленьне да былых выдаўцоў “Бярозкі” сьведчыць такі факт: у часе ліквідацыі рэдакцыя падрыхтавала чарговы, трэці нумар “Бярозкі”. Але толькі ў друкарні калектыву паведамілі, што яшчэ раней да друку быў прыняты гэты ж самы нумар часопіса, але за аўтарствам “Настаўніцкай газэты”.