НА БЕЛАРУСКІМ МЭТАЛЮРГІЧНЫМ ЗАВОДЗЕ Ў ЖЛОБІНЕ ПРЫЦІСКАЮЦЬ АКТЫВІСТАЎ

Казімер Яноўскі, Жлобін

Марат Афанасьеў на Беларускім мэталюргічным заводзе працуе амаль два дзесяцігодзьдзі. У свой час, калі на прадпрыемствах існавала практыка выбараў дырэктараў, спадар Афанасьеў паводле рэйтынгу займаў другое месца ў калектыве. Ніколі ніякіх спагнаньняў ня меў. Летась гараджане абралі Афанасьева як прадстаўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў раённы савет. Ён абіраўся таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Цяпер Марат Афанасьеў узначальвае на мэталюргічным заводзе бюро плянаваньня і кантролю рамонтаў і зьяўляецца адначасова намесьнікам начальніка адпаведнай рамонтнай управы. Нядаўна спадар Афанасьеў стаў фігурантам адразу трох загадаў.

(Афанасьеў: ) “Першым загадам я пазбаўлены прэміі за люты за вытворчыя паказчыкі. У другім загадзе мне аб’яўленая вымова і скасаваныя сакавіцкія прэміяльныя даплаты нібыта за незаключаную дамову на рамонт трансфарматара. Трэцім загадам я папярэджаны, што пасада мая скарачаецца і 20 травеня я буду звольнены з працы. Спаслаліся на тое, што ўводзіцца сыстэма скарачэньня, якую я і ўкараняў у сваёй службе”, — паведаміў Марат Афанасьеў. Паводле ягоных слоў, адміністрацыйныя санкцыі распачаліся пасьля паездкі ў Вільню.

(Афанасьеў: ) “Мы з калегам, дэпутатам раённага савету Пашуком зьезьдзілі ў Вільню на сэмінар. Там разглядаліся пытаньні ўкараненьня самакіраваньня ў Літве, Швэцыі ды іншых краінах. За нашай паездкай сачылі спэцслужбы. Фэрмэра Пашука, які таксама зьяўляецца сябром Аб’яднанай грамадзянскай партыі сталі правяраць розныя кантрольныя органы. Налічылі яму мільённыя штрафы. Паколькі езьдзіў я ў непрацоўны час, то маім кіраўнікам зрабілі заўвагу: дзе гэта я аформіў выязную візу? Мне адразу забаранілі ўсе працоўныя камандзіроўкі ў Менск. Забаронена таксама хадзіць на заводзе без папярэдняга запісу ў адмысловым кантрольным журнале. Адзінае, што ня фіксуецца, — гэта 15-хвілінныя перапынкі на прыбіральню”, — распавёў спадар Афанасьеў.

У сувязі з уціскам Марат Афанасьеў падаў у Жлобінскі раённы суд пазоў супраць адміністрацыі за дыскрымінацыю яго як працаўніка.