У МЕНСКУ ЗЬЯВІЎСЯ ПЕРШЫ НУМАР АДНОЎЛЕНАЙ ГАЗЭТЫ “СВАБОДА”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Галоўны рэдактар газэты “Свабода” Сяргей Дубавец распавядае, чаму ён вырашыў аднавіць выхад гэтага выданьня:

(Дубавец: ) “Чатырнаццаць гадоў таму газэта пачала выходзіць. Я яе рэдагаваў год, а пасьля перадаў Гермянчуку, які тады быў у Вярхоўным Савеце, каб яе раскруціць. І зрабіць такім сур’ёзным агульнанацыянальным мэдыйным праектам. Што ён і зрабіў. А пасьля ўмяшаліся ўсялякія прычыны аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару, і яна зьнікла. Але, калі я яе пачынаў у 1990 годзе, у мяне не было плянаў, каб яна куды-небудзь зьнікла. І таму прайшоў час, я паглядзеў, што няма Гермянчука, няма нікога, хто б рабіў гэтую газэту далей. А сам сымбаль быў абраны — свабода для Беларусі, якой у Беларусі няма.

І таму сёньня я аднавіў гэтае выданьне, тым больш, што нічога падобнага ў Беларусі не выходзіць. Ёсьць “Наша Ніва”, але ёй адной вельмі цяжка без такога спарынг-партнэра, ці фону такога чыста духоўнага, інтэлектуальнага. Таму я аднавіў неафіцыйнае выданьне, без рэгістрацыі, бо яе немагчыма зарэгістраваць. У пэўным сэнсе выданьне элітарнае, якога страшна бракуе для маральнай большасьці нашага грамадзтва, якія займаюцца палітыкай, культурай. Гэта не выданьне, разьлічанае на шырокую публіку. У беларускай палітыцы бракуе культурнага сэгмэнту. Наша задача падымаць дух, і каб насы ня вешалі”.

Першая газэта пад назвай “Свабода” выйшла ў Беларусі ў 1902 годзе дзякуючы намаганьням вядомага дзеяча Адраджэньня Вацлава Іваноўскага. Але перад пагрозай небясьпекі канфіскацыі выданьня расейскай паліцыяй рэдакцыя была вымушаная зьнішчыць увесь наклад газэты. Пасьля выданьне было адноўленае ў 1990 годзе і праіснавала сем гадоў. У 1997 годзе суд зьліквідаваў газэту пасьля двух афіцыйных папярэджаньняў за парушэньне “Закону аб СМІ”, якія вынес выданьню Дзяржкамітэт друку.