Паводле Андруся Козела, на плошчы Свабоды яго спрабавалі затрымаць двойчы. Першы раз, калі ён абараняў некалькіх падлеткаў, якіх палкоўнік міліцыі Гірэль (яго Андрусь добра ведае ў твар па іншых акцыях) выганяў з плошчы:
(Козел: ) “На гэта Гірэль вельмі агрэсіўна адрэагаваў, пачаў груба лаяцца і загадаў схапіць мяне, каб мяне кінулі ў машыну. Гэта заўважыла вялікая колькасьць людзей, якія пачалі проста мяне адціскаць ад міліцыі. У выніку тады мяне адпусьцілі”.
Паўторна Андруся Козела затрымалі пасьля таго, як ён на знак пратэсту супраць разгону людзей на плошчы сеў на асфальт:
(Козел: ) “Некалькі амонаўцаў накінуліся на мяне і пачалі вязаць. Дзесьці чалавекі чатыры пацягнулі ў бок іхнага аўтобусу. Праз дваццаць мэтраў мяне перахапілі брытагаловыя людзі ў цывільным, якія спачатку былі побач з палкоўнікам Гірэлем. Па дарозе я атрымаў некалькі жорсткіх удараў у жывот. Пачалі зьбіваць твар, жывот, ныркі. Я ў той момант быў у камуфляжы — на рукавах у мяне былі нашыўкі з “Пагоняй” і бел-чырвона-белым сьцягам. Яны зь нейкай надзвычайнай лютасьцю пачалі іх зрываць, нават зубамі. Адзін чалавек, які ўвесь час зьбіваў, казаў: “Ды мы такіх у Чачэніі, як ты…” І гэтак далей”.
Андруся Козела завезьлі у райаддзел Цэнтральнага раёну Менску, дзе прымусілі напісаць тлумачальную запіску, пасьля чаго адпусьцілі.
Гл. таксама
СЬВЯТКАВАНЬНЯМ У МЕНСКУ ПЕРАШКОДЗІЛІ МІЛІЦЫЯНТЫ, У ТЫМ ЛІКУ РАСЕЙСКІЯ
ЗА ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ 25 САКАВІКА ТРОХ УДЗЕЛЬНІКАЎ ПАКАРАЛІ ВЯЛІКІМІ ШТРАФАМІ