У РЫЗЕ ЗАВЕРШЫЛІСЯ БЕЛАРУСКА-ЛАТЫСКІЯ ПЕРАМОВЫ ПРА СЫТУАЦЫЮ ЗЬ БЕЛАРУСКІМ ПРЭПАРАТАМ “АСКАФЭН П”

Ганна Соусь, Менск

Вось што паведміў для Радыё Свабода адразу пасьля перамоваў дзяржсакратар міністэрства аховы здароўя Латвіі Улдыс Лікапс:

(Лікапс: ) “Я павінен аддаць належнае прадстаўнікам заводу. У складанай сытуацыі яны маюць сьмеласьць узяць на сябе адказнасьць. Хаця растлумачыць, чаму так адбылося, пакуль ніхто ня можа. Прызнана, што ў гэтых таблетках ёсьць такі дамешак, і што гэтая партыя пастаўленая з заводу, а не аднекуль яшчэ. І цяпер, відавочна, перад беларускім бокам стаіць пытаньне: як гэта магло адбыцца? Выпадковасьці розныя бываюць у жыцьці. Не выключаецца і чалавечы фактар”.

У сярэдзіне сакавіка ў выніку ўжываньня беларускага прэпарату “Аскафэн П” 24 чалавекі пацярпелі, тры зь іх знаходзіліся ў стане комы. Як паказала дасьледаваньне латыскага боку, у “Аскафэне П” утрымлівалася рэчыва глібэнклямід, якое істотна зьніжае ўзровень цукру ў крыві.

Паводле дзяржсакратара міністэрства аховы здароўя Латвіі Улдыса Лікапса, прадстаўнікі беларускага боку зьбіраюцца яшчэ раз правесьці дасьледаваньне пастаўленай у Латвію сэрыі прэпарату “Аскафэн П”.

(Лікапс: ) “Разам з нашымі адмыслоўцамі рабіліся аналізы, яны ўзялі ўзоры яшчэ і з сабой, каб паўторна ўсё зрабіць у сябе на сваёй апаратуры. Мы ўпэўніліся ў кампэтэнцыі адзін аднаго. І я вельмі рады, што мы на прафэсійнай глебе знайшлі агульную мову, хаця і тэма для знаёмства і размовы была неардынарная, таму што падобнага выпадку, калі ў склад аднаго мэдыкамэнту ўваходзіць другі мэдыкамэнт, нашыя гісторыкі ня памятаюць. Мы завершым нашыя перамовы пасьля правядзеньня аналізаў тыдні праз два і вырашым, як будзе адбывацца далейшае супрацоўніцтва”.

Паводле Улдыса Лікапса, падчас перамоваў абмяркоўвалася тэмы кампэнсацыі за шкоду, нанесеную ў выніку ўжываньня прэпарату “Аскафэн П”, аднак канчатковы памер кампэнсацыі будзе вызначаны пазьней.

Я запыталася ў спадара Лікапса, ці абмяркоўвалася вэрсія, якую неаднойчы агучвалі апошнія тыдні дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі, што гэта была нібыта сплянаваная акцыя латыскага боку напярэдадні ўваходжаньня Латвіі ў Эўразьвяз з тым, каб падрыхтаваць грамадзкую думку да таго, што на рынку болей ня будзе танных лекаў.

(Лікапс: ) “Мы гаварылі якраз наадварот, што адзін выпадак нават невядомага паходжаньня ня можа быць нагодай, каб спыняць узаемныя дачыненьні”.

У перамовах зь беларускага боку бралі ўдзел прадстаўнікі міністэрства аховы здароўя, прадпрыемства “Белмэдпрэпараты” і канцэрну “Белбіяфарм”, а з латыскага боку — прадстаўнікі дэпартамэнту інфармацыі міністэрства аховы здароўя Латвіі, дзяржаўнага агенцтва лекаў, чыноўнікі міністэрства замежных справаў Латвіі.

Што да меркаваньня беларускага боку пра вынікі перамоваў, то, як паведаміў сёньня Радыё Свабода прадстаўнік канцэрну “Белбіяфарм” Сяргей Чуракоў, іх пазыцыя будзе агучаная толькі ў панядзелак.