ЛЯЎРЭАТАМ ПРЭМІІ ІМЯ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА СТАЎ ГІСТОРЫК ЗАХАР ШЫБЕКА

Галіна Абакунчык, Менск

Пад аплядысмэнты прысутных ганаровы дыплём з выяваю Францішка Багушэвіча і гэткі ж мэдаль зь бел-чырвона-белай стужкай ляўрэату ўручыў прэзыдэнт ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі. Гэткая падзея ў дзень угодкаў БНР — падвойнае сьвята, — так у інтэрвію Радыё Свабода заявіў атрымальнік узнагароды Захар Шыбека.

(Шыбека: ) “Гэта сымбалічна, і я яшчэ мацней павязаў свой творчы лёс з традыцыяй Беларускай Народнай Рэспублікі, якая павінна працягвацца, прымацца нашым грамадзтвам і стаць асноваю будучай Беларусі”.

Прысутныя на цырымоніі ўзнагароджаньня вядомыя гісторыкі, пісьменьнікі й паэты — Анатоль Вярцінскі, Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс — называлі кнігу першай сынтэзаванай працай па несавецкай гісторыі Беларусі, а таксама па гісторыі беларускага духу. Вядомы лінгвіст Пётра Садоўскі сказаў, што гэтую працу прачытаў за адну ноч. Гаворыць Пётра Садоўскі:

(Садоўскі: ) “Гэта выдатная кніга, адметная тым, што ўся гісторыя Беларусі напісаная нашым сучасьнікам. Па жанру яна набліжаецца да паўсядзённай гісторыі — на Захадзе вельмі распаўсюджаны жанр. Гэта калі гістарычныя падзеі ўспрымаюцца так, нібыта ты сам у іх удзельнічаеш — так жыва напісана”.

Паводле статуту ПЭН-Цэнтру, прэмія імя Францішка Багушэвіча, заснаваная ў 1995 годзе, уручаецца за ўзнаўленьне гістарычнай памяці. Так, у розныя гады ёю былі ўганараваныя Генадзь Сагановіч, Васіль Быкаў, Аляксандар Лукашук, Лявон Баршчэўскі ды іншыя. Гаворыць прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Прэмія ад такой паважанай грамадзкай арганізацыі, якая мае ўсясьветны маштаб — Беларускі ПЭН-Цэнтар, гэта, фактычна, даніна павагі да людзей, якіх не заўважае гэтая дзяржава альбо ганьбіць іх. А гэта самыя лепшыя людзі нашай Беларусі, і мы вельмі ўсьцешаныя, што ў гэтым годзе выбар вельмі трапны. Бо прэмія дадзеная за этапную працу, вельмі важную для нашай нацыянальнай сьвядомасьці й для нашай гістарычнай навукі”.

Кніга Захара Шыбекі “Нарыс гісторыі Беларусі 1795–2002” выйшла ў мінулым годзе, але наклад 2,5 тысячы асобнікаў ужо сёньня зрабіў яе рарытэтам. Цяпер яна перакладзеная на польскую мову, рыхтуецца ўкраінскае выданьне, і плянуецца надрукаваць кнігу па-літоўску.