Зьвяно

Юрась Бушлякоў, Менск

Зьвяно – што гэта за слова? Ці ўжываць яго сьмела, ці шукаць якога заменьніка? Вось меркаваньне аднаго з нашых слухачоў.

(Слухач:) “У адной зь перадач пачуў пра зьвёнызьвеньні. Мне здаецца, тут больш слушна было б ужываць беларускае слова цугі. Цуг – частка ланцуга. Слова цуг больш адпавядае беларускай мове. А зьвёны – яны быццам з рускай мовы…”

У лінгвістычнай літаратуры можна прачытаць пра цёмнае паходжаньне зьвяна. Праўда, поруч з даволі складанымі, але малапераканаўчымі тлумачэньнямі ёсьць і зусім простае, празрыстае, прапанаванае Ўладзімерам Далем. Даль выводзіў звено ад дзеяслова звенеть. Колца ў ланцугу зьвініць – таму й маглі яго назваць зьвяном. Дарэчы, пры такім тлумачэньні зьвяна можна было б афармляць яго па-беларуску праз [і], ісьці за нашым дзеясловам зьвінець, аднак дасюль ніхто такога афармленьня не практыкаваў.

У “Гістарычным слоўніку беларускай мовы” звено ёсьць – у значэньні часткі валу або агароджы, а таксама ў значэньні часткі кола. Подле Олейной брамы отвалилося звено валу, наняли двохъ поденныхъ закидать бервенемъ новымъ, – гэта ілюстрацыя ўжываньня слова звено з 1691 году. На абазначэньне складовай часткі нечага цэлага зьвяно (звано) ўжывалі і ў народнай мове ХІХ – ХХ стагодзьдзяў. Няма падставаў залічаць гэтае слова да пазычаньняў. Праўда, у ХХ стагодзьдзі з пурыстычных меркаваньняў зьвяно часам абміналі, шукалі яму замены. Вядома, у многіх выпадках на месцы зьвяна прыдатныя й іншыя беларускія словы, і на магчымасьць іх выкарыстаньня ня трэба забывацца. Скажам, частку ланцуга можам назваць колцам (кольцам), а частку агароджы між слупкамі – праслам. Арганізацыйную адзінку ў нейкім аб’яднаньні ніяк іначай, як правіла, не называем – у мінулым стагодзьдзі засела ў гэтым значэньні ў нашай мове зьвяно (напрыклад, калгаснае зьвяно).

Прапанова слухача ўжываць у значэньні зьвяна нямецкае з паходжаньня слова цуг – цікавая, але чыста наватарская. Мне, прынамсі, не ўдалося знайсьці хоць якіх фіксацыяў такога ўжываньня. Здаецца, у гэтым выпадку гаварыць можна адно пра жаданьне надаць цугу новае значэньне. У ХХ стагодзьдзі беларускія словы вязьмо й злучво, спрабаваныя на ролю паўнацэнных заменьнікаў зьвяна, з шэрагу прычын такімі ня сталі. Ня думаю, што ў назоўніка цуг тут большыя шанцы. Дый увогуле, ці варта шукаць спосабаў, каб пазбавіцца зьвяна – традыцыйнага, з такой працяглай гісторыяй у мове слова?