“RZECZPOSPOLITA” ПІША ПРА АЛЕСЯ ПУШКІНА

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“У Беларусі гавораць, што кожная мастацкая акцыя Алеся Пушкіна канчаецца тым, што аўтар трапляе за краты. Так было яшчэ ў 1989 годзе, калі студэнт Пушкін арганізаваў гэпэнінг з нагоды Дня Волі і паўтарылася праз 10 гадоў пасьля вядомага вазка з гноем каля рэзыдэнцыі Лукашэнкі”, – адзначае “Rzeczpospolita”.

Аўтар артыкулу піша, што акцыю “Вазок гною для Лукашэнкі” шмат хто лічыць цудам, бо Алесю Пушкіну з такім грузам удалося без перашкодаў падыйсьці да будынку, які пільна ахоўваецца. Паводле Анджэя Пісальніка, гэта аднак, не адзіны цуд, зьвязаны з мастаком зь вёскі Бобр.

Рэшту цудаў, журналіст знайшоў як раз у роднай вёсцы Алеся Пушкіна, у мясцовай царкве, дзе ў сцэне страшнага суду мастак прадставіў сярод грэшнікаў цяперашняга кіраўніка Беларусі, мэтрапаліта, але й сябе.

“У часе, калі я зь недаверам аглядаў у царкве фрэску Пушкіна, сьвятар разам зь вернікамі маліўся за здароўе таго, каго мастак ужо паслаў ў пекла”, – піша Анджэй Пісальнік.

Яшчэ адзін цуд – гэта чыстыя старонкі кнігі, якую трымае Хрыстос на чарговым малюнку ў царкве. Алесь Пушкін хацеў напісаць там малітву па-беларуску, але не атрымаў на гэта блаславеньня мэтрапаліта.

“У Беларусі праваслаўным нельга маліцца па-беларуску – вось гэта сапраўдны цуд”, – піша газэта.

“Rzeczpospolita” распавядае таксама пра патрыятызм Алеся Пушкіна, ягоную сьціплую хату, аздобленую бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”, ды пра спробы мастака дапамагчы пакрыўджаным аднавяскоўцам.

“Пушкін не зарабіў вялікіх грошай, але захаваў тое, што цэніць найбольш – свабоду” – піша ў сёньняшнім нумары аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”.

Гл. таксама
У БОБРСКАЙ ЦАРКВЕ ЗАФАРБАВАЛІ ВЫЯВЫ ГРЭШНІКАЎ