ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 24 САКАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1934 год:

“У г.Рагачове запраектавана пабудаваць завод згушчонага малака. Па свайму абсталяваньню Рагачоўскі завод будзе лепшы ў СССР. Ён будзе выпрацоўваць штогод 6000 тон згушчонага малака, прычым асаблівая ўвага будзе зьвернута на якасьць. Пры заводзе будзе абсталяваны асобны цэх для выпрацоўкі сьмятанкавага масла розных сартоў, сыркоў і тварагу, апрача прамысловага будаўніцтва намечана шырока разгарнуць жыльлёвае і індывідуальнае будаўніцтва: дамы для рабочых і ІТР, асобныя будынкі для амбуляторыі, кааператыву, пральні, лазьні і г.д. У сучасны момант тэхналягічны будаўнічы праект завода закончан”.

“Звязда”, 1984 год:

“На сустрэчу зь пісьменьнікамі Васілём Быкавым і Аляксеем Сьлесарэнкам прыйшлі многія супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў БССР. Зь цікавасьцю слухалі прысутныя расказ В.Быкава пра франтавыя дарогі, аб працы над аповесьцямі “Альпійская баляда”, “Сотнікаў”, іншымі літаратурнымі творамі. А.Сьлесарэнка прачытаў урыўкі з паэм А.Твардоўскага, А.Куляшова, П.Панчанкі. На сустрэчы народнаму пісьменьніку БССР Васілю Быкаву былі ўручаны пасьведчаньне і значок “Выдатнік міліцыі”.

“Могилёвские ведомости”, 1994 год.

Іван Буйніч, загадчык аддзелу аховы здароўя Бабруйскага гарвыканкаму: “Беларускім прэзыдэнтам мусіць быць чалавек ва ўзросьце да 50 гадоў, шчыры, эрудаваны. І абавязкова валявы, каб у краіне быў парадак. На жаль, пакуль не магу назваць нікога”. Уладзімер Папянюк, старшыня абласнога суду: “Толькі тады прэзыдэнт будзе сапраўдным лідэрам, калі будзе любімы народам”. Віталь Казлоў, старшыня камісіі аблсавету па галоснасьці: “Перш за ўсё, прэзыдэнт — гэта чалавек цьвёрдых палітычных поглядаў, які мае досьвед гаспадарчай дзейнасьці. Узрост ад 40 да 55 гадоў, ня больш. Назваць некага канкрэтна сёньня не магу. Прынамсі, гэта ня тыя людзі, чые прозьвішчы абыгрываюцца ў прэсе”.