МЕНСКАЯ МІЛІЦЫЯ РАСЬСЬЛЕДУЕ СПРАВУ КАРДЫЯХІРУРГАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Маёр менскай міліцыі Мікалай Ліньнік кажа, што справа кардыёхірургаў, якую цяпер расьсьледуюць ягоныя падначаленыя, незвычайная і вельмі складаная. Ад нядобрасумленных дактароў пацярпелі больш за дваццаць хворых на сэрца. Зь іх бралі грошы за дарагія імпартныя стымулятары сардэчнай актыўнасьці, але падчас апэрацыяў ужыўлялі больш танныя расейскія. Сьледчыя ня кажуць, якім чынам стала вядома пра падман. Паводле іншых крыніцаў, расейскі кардыястымулятар замест галяндзкага знайшлі ў целе памерлага падчас ускрыцьця.

У выніку расьсьледаваньня справы два кардыёлягі арыштаваныя, ёсьць дзясяткі сьведкаў. Сьледчыя правяраюць ня толькі апэрацыі ўжыўленьня кардыёстымулятараў, але і па замене кляпанаў ды іншыя. Ня выключана, што незаконная аплата бясплатных паслугаў як стымул працы хірургаў выкарыстоўвалася ў цэнтры “Кардыялёгія” дастаткова шырока. Чаму гэта стала магчыма? Мой суразмоўца Мікалай Іванаваіч з тых, каму давялося на сабе зьведаць своесаблівы клопат аднаго кардыёхірургаў. Становішча патрабавала тэрміновай апэрацыі замены сардэчнага кляпану, але добрага замежнага біякляпану ў дактароў быццам не было. І тады Мікалай Іванавіч пачуў прапанову: знайсьці тысячу даляраў альбо спонсара, які аплаціць закуп.

(Мікалай: ) “Вас проста заморваюць. Сказалі: “Вось вырашыце сваю праблему, тады і прыходзьце”. Я яе вырашыў, знайшоў спонсара. Перавялі грошы на фірму, на фірме сказалі, што яны даставяць кляпан, што і было зроблена. Але чаму атрымалася ў выніку гэтак, што ў мяне зусім іншы кляпан стаіць? Прабачце, я пры гэтым не прысутнічаў. Дакладней, прысутнічаў, але быў непрытомны”.

Мікалаю Іванавічу паставілі беларускі кляпан, які вырабляюць на прадпрыемстве “Планар”. Ён лічыцца добрым, але цяпер Мікалай Іванавіч мусіць усё жыцьцё штодзённа прымаць адмысловыя лекі для разбаўленьня крыві. Калі б у яго стаяў замежны біякляпан, гэта не спатрэбілася бы. А чаму замежны кляпан яму не дастаўся, Мікалай Іванавач дакладна ня ведае. Праўда, ён дамогся, што яму вярнулі грошы ды папрасілі прабачэньня. Цяпер Мікалай Іванавіч забыў пра свае прэтэнзіі да дактароў. А паколькі ён мусіць рэгулярна да іх зьвяртацца па дапамогу, то просіць не называць ягонага сапраўднага імя і прозьвішча.

Штогод дактары Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру “Кардыялёгія” апэруюць больш за 2000 пацыентаў, хворых на сэрца. Пераважная большасьць зь іх не выказваюць прэтэнзіяў да працы хірургаў і мэдпэрсаналу цэнтру, але некаторыя траплялі і да нядобрасумленных дактароў. Калі сьледчыя пачыналі справу, кіраўніцтва цэнтру спасылалася на праблемы з забесьпячэньнем матэрыяламі — тымі ж стымулятарамі й кляпанамі. Маўляў, ва ўмовах дэфіцыту тых жа стымулятараў хірургі мусілі прапаноўваць хворым іншыя варыятны, акрамя бясплатнага лячэньня.

Намесьнік дырэктара цэнтру “Кардыялёгія” Юры Астроўскі заявіў Радыё Свабода, што пастаўкі ўжо выправіліся, усе прэпараты дастаўляюць своечасова, і “агульнае становішча палепшылася”. А вось ад камэнтароў самой справы арыштаваных кардыёлягаў Юры Астроўскі адмовіўся. Між тым, сьледчыя зь менскага ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі не выключаюць, што паводле гэтай справы будзе арыштавана яшчэ некалькі чалавек.