ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ — ДА ДНЯ ВОЛІ

Валянціна Аксак, Менск

Ідэя зладзіць да сьвята 25 сакавіка супольную выставу Івонкі Сурвіллы і Ілоны Барадулінай належыць сустаршыні ўсебеларускага камітэту сьвяткаваньня Дня Волі Алесю Марачкіну.

(Марачкін: ) “Яны вельмі розныя, але нешта ёсьць у іх агульнае. Калі спадарыня Івонка ў сваіх працах паказвае гістарычныя выявы, то ў Ілоны Барадулінай гэта нешта больш мэтафізычнае, нешта прыкладное, і мне асабіста падалося, што разам яны добра прагучаць на выставе…”

Выставай Івонкі Сурвіллы і Ілоны Барадулінай, якая адкрыецца ў нядзелю ў сядзібе БНФ, распачнуцца мастацкія імпрэзы ў гонар Дня Волі. 23 сакавіка ў сядзібе згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” адкрыюць выставу сябры суполкі “Пагоня”. Яна прымеркаваная яшчэ і да сумнай даты — 140-х угодкаў з дня пакараньня сьмерцю кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня Кастуся Каліноўскага.

Астатнія ж мастацкія імпрэзы будуць ладзіцца непасрэдна 25 сакавіка. У гэты дзень арганізатары заклікаюць народ прыйсьці а 17-й гадзіне на пляц да сталічнае ратушы на сьвяточнае гуляньне. А 18-й ускладуць кветкі да помніка песьняру нацыянальнае незалежнасьці Янку Купалу. А 19-й у доме вэтэранаў распачнецца сьвяточная вечарына, у праграме якой апрача іншага — выступы фальклёрных гуртоў “Харошкі”, “Госьціца”, сьпевакоў Віктара Скарабагатава і Касі Камоцкай.

На паўгадзіны раней у Доме літаратара распачнецца яшчэ адна сьвяточная вечарына, у часе якое будзе ўручаная незалежная літаратурная прэмія “Залаты дзеяслоў”. Хто стане яе першымі ляўрэатамі, арганізатары трымаюць у сакрэце. Гаворыць галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч:

(Пятровіч: ) “Мы заплянавалі на 25 сакавіка правядзеньне вечарыны, на якой будуць абвешчаныя намінанты і ўручаная сама прэмія па трох намінацыях: прозе, паэзіі і па дэбюту”.

І яшчэ адна новая літаратурная прэмія — “Залатая літара” — будзе ўручаная ў гэты дзень. Гэта прыватная прэмія пісьменьніка і выдаўца Адама Глёбуса. Першы ляўрэат “Залатой літары” ўжо абвешчаны — гэтая маладая пісьменьніца Аксана Бязьлепкіна.

Вядомыя ляўрэаты дзьвюх ранейшых незалежных прэміяў, прымеркаваных да Дня Волі. “Вялеса” — прэмію Таварыства вольных літаратараў — атрымае сёлета празаік і навуковец Пятро Васючэнка. А прэмія імя Францішка Багушэвіча, якую яшчэ напачатку 1990-х гадоў заснаваў Беларускі ПЭН-Цэнтар, прысуджаная гісторыку Захару Шыбеку.