“Наша ніва”, 1914 год:
“Калі першы раз з грудзей беларуса-мужыка вырваўся кліч: “жыве Беларусь!”, — ў ім зліліся ў вадно і пачуцьцё свайго національнаго я, і прабудзіўшаяся сьведамасць, што ён — чэлавек, роўны ўсім іншым, і захованае ў таемнай глыбіне душы жаданьне волі і зямлі. Усе думкі яго былі аб вызваленьні з нядолі, пагарды людзкой, с цемнаты. Вызваліўшаяся з адвечных путоў душа беларуса жадала скінуць путы і с цела… Вось чаму беларускі рух зразу жэ стаўся рухам дэмократычным: ён абыймаў усё жыцьцё працоўнаго беларускаго народу — ва ўсіх яго праявах”.
“Звязда”, 1964 год. Прафэсар І.Лушчыцкі піша да 100-годзьдзя з дня сьмерці К.Каліноўскага:
“Каліноўскі як рэвалюцыянэр і мысьліцель сфарміраваўся пад уплывам тагачаснага грамадзкага жыцьця, пад магутным ідэйным уплывам рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Таму яго ідэі, уся рэвалюцыйная практыка інтэрнацыянальныя па свайму духу, агульначалавечыя па свайму зьместу, адначасова яны глыбока нацыянальныя па сваёй форме… Рэвалюцыйна-дэмакратычныя традыцыі, якія ўсталёўваліся змагаром, трывала ўвайшлі ў ідэйную спадчыну савецкіх людзей, што будуюць камунізм”.
“Культура”, 1994 год. Кінарэжысэр Віктар Калашнік пра “мыльныя опэры”:
“Падманлівасьць станоўчага ўплыву ў тым, што, выступаючы за “масавую культуру”, яе даступнасьць, усярэдненасьць, мы, самі таго не заўважаючы, патрабуем зьніжэньня крытэрыяў, задавальненьня патрэбаў часткі грамадзтва зь неразьвітым густам… Зараз, як ніколі, ва ўсіх сфэрах культуры адбылося татальнае зьніжэньне прафэсіяналізму. І гэты працэс, мяркуючы па сучаснай эканоміцы, датычыць усяго грамадзкага жыцьця”.