У БЕЛАРУСІ ЎСЁ ЧАСЬЦЕЙ ЗГАНЯЮЦЬ АЎТАМАБІЛІ, ШТО БЫЛІ ЎЗЯТЫЯ НАПРАКАТ

Уладзімер Глод, Менск

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сьцвярджае: пакуль у нас сытуацыя не такая трывожная, як, напрыклад, у суседзяў – Расеі, Літве альбо ва Ўкраіне. Маўляў, там сымуляцыі сапраўднага ўгону настолькі частыя, што з самага пачатку любая інфармацыя аб зьнікненьні пракатных машынаў ставіцца пад сумнеў.

Зьвернемся да статыстыкі. Летась у Менску ўзбудзілі 14 крымінальных справаў. Прападалі пераважна дарагія машыны – “Ягуары”, “Мэрсэдэсы”, “Мазды”.

Але, як сьцьвярджае намесьнік кіраўніка аддзелу ў справе раскрыцьця згонаў і крадзяжу аўтатранспарту Галоўнай управы ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Андрэй Мікуліч, большасьць з гэтых згонаў былі сфабрыкаваныя.

Гэта азначае, што крымінальныя групоўкі ўстройвалі інтэрмэдыю – яны бралі дарагія машыны напракат, прадавалі іх, пераважна ў Расею, а потым заяўлялі, што быццам бы аўтамабілі скралі. Высьветлілася, што такія групоўкі інтэрнацыянальныя – сярод затрыманых ёсьць грамадзяне Расеі, Літвы, Казахстану, Чэхіі ды іншых краінаў. Яны карысталіся значнымі прабеламі ў беларускім заканадаўстве. Галоўнае для іх было атрымаць даведку аб ўзбуджэньні крымінальнай справы паводле кражы аўтамабіля. Такі дакумэнт здымаў з махляроў усялякую адказнасьць у разьліках з пунктам пракату.

Вось адзін з апошніх прыкладаў такога махлярства. 33-х гадовы грамадзянін Літвы Ёнас Андрыкявічус заявіў, што ў Менску з вуліцы Адоеўскага быў сагнаны аўтамабіль “Фальксвагэн Каравэла” 2002 году вырабу, які ён узяў напракат у Эстоніі. Сьледзтва, якое правялі менскія міліцыянты, высьветліла, што сапраўдная цана гэтай машыны 15 тысячаў даляраў. А яе прадалі ў Расею ўсяго за дзьве тысячы. Гэтую апэрацыю хацелі сьпісаць на фіктыўных згоншчыкаў.

Нягледзячы на гэтыя выпадкі фірмы пракату аўтамабіляў працягваюць сваю работу ў Беларусі, нават адкрываюцца новыя. Напрыклад, нядаўна было адкрытае супольнае нямецка-беларускае прадпрыемства “Белсахель”, якое займаецца пракатам аўтамабіляў.