МІНІСТАР КУЛЬТУРЫ ЛАТВІІ ХЕЛЕНА ДЭМАКАВА КАЖА, ШТО НІКОЛІ НЯ ПРЫМЕ АМБАСАДАРА ЛУКАШЭНКІ

Юры Сьвірко, Менск

Хелена Дэмакава сказала, што плянуе больш супрацоўнічаць з краінамі Эўразьвязу, да якога Латвія далучыцца 1 траўня, а не з Расеяй. Наконт Беларусі міністар культуры Латвіі выказалася яшчэ больш катэгарычна: “Я не прыму беларускага амбасадара, пакуль ува ўладзе будзе Лукашэнка”.

Прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Рызе Зьміцер Шкурдзь сказаў агенцтву БНС, што гэтая заява спадарыні Дэмакавай выклікае непаразуменьне, бо амбасадар Вадзім Ламкоў яшчэ не прасіў пра сустрэчу з новым міністрам культуры. Беларуская амбасада нагадвае, што дзьве краіны ёсьць суседкамі, таму “палітызоўваць стасункі – неразумна”.

Латвійскае МЗС пакуль не камэнтуе адмову міністра культуры Латвіі сустракацца з амбасадарам Беларусі, бо ня ведае прычынаў гэтага. Міністар замежных справаў Рыхардс Пікс, які ўваходзіць у адну партыю з Хеленай Дэмакавай, інфармацыі пра яе выказваньні ня мае, таму не камэнтуе іх.

Нагадаем, Латвія, як і бальшыня заходніх краінаў, не прызнае прынятую на рэфэрэндуме 1996 году Канстытуцию Беларусі, паводле якой быў распушчаны Вярхоўны свает, створаны двухпалатны парлямэнт і працягнуты тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі. На палітычным узроўні Латвія не падтрымлівае цесных кантактаў зь Беларусяй, але не хавае, што эканамічнае супрацоўніцтва дзьвюх краінаў было б пажаданым.