ЦІ НАВЯЗАНЫЯ ВАЙСКОВЫЯ КАНТАКТЫ МІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І АДЖАРЫЯЙ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра магчымыя спробы прадстаўнікоў Аджарыі набыць беларускую збою паведаміў грузінскі тэлеканал “Руставі-2”. Паводле неназваных крыніцаў гэтага тэлеканалу ў аджарскім кіраўніцтве, лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ нібыта скіраваў сваіх прадстаўнікоў у Турцыю і Беларусь для перамоваў аб набыцьці зброі. Між тым, ніякіх доказаў гэтых зьвестак не даецца.

У міністэрстве замежных справаў Грузіі ня здолелі ні аспрэчыць, ні пацьвердзіць гэтых зьвестак. Кіраўнік другога эўрапейскага дэпартамэнту МЗС Грузіі Зураб Берыдзэ, які адказны ў тым ліку за кантакты зь Беларусьсю, заявіў Беларускай Свабодзе, што яму нічога не вядома пра спробы аджарскага прадстаўніка купіць зброю ў Беларусі. Намесьніца кіраўніка дэпартамэнту сувязяў з грамадзкасьцю Нато Чыкавані таксама сказала, што чула пра гэта толькі з праграмы тэлеканалу “Руставі-2”, але доказы ёй невядомыя:

(Чыкавані: ) “Не. Такіх фактаў у нас няма. І ўвогуле міністэрства замежных справаў гэтым не займаецца, гэта хутчэй адказнасьць міністэрства ўнутраных справаў”.

Між тым, у міністэрстве ўнутраных справаў Грузіі адмовіліся камэнтаваць зьвесткі “Руставі-2”, спаслаўшыся на занятасьць з прычыны грузінска-аджарскага канфлікту.

Аднак пэўны беларускі сьлед у Батумі ўсё ж знайшоўся. Яго пакінуў вядомы бізнэсовец Гары Лучанскі, які наведаў сталіцу аўтаномнай рэспублікі разам з маскоўскім мэрам Юрыем Лужковым. Цяпер гэты чалавек называецца адным з асноўных інвэстараў Масквы, згадваюць і тое, што ў яго ёсьць пэўныя бізнэсовыя інтарэсы ў Аджарыі.

Пэўны час Гары Лучанскі лічыўся і адным з найбуйнейшых гандляроў зброяй. Паводле шматлікіх крыніцаў, ён быў пасярэднікам ў продажы на міжнародныя рынкі — у тым ліку і беларускай зброі. У сярэдзіне 1990-х гадоў Гары Лучанскага неаднаразова бачылі ў Менску, ёсьць зьвесткі, што ён быў датычны да дзейнасьці фірмы “Белтэхэкспарт”, якая ў той час займала адно з асноўных месцаў сярод гандляроў беларускай зброяй. Між тым, пазьней у судах не ўдалося пацьвердзіць датычнасьці Гары Лучанскага да гэтага віду бізнэсу.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі заявілі, што ня маюць зьвестак пра прыезд у Беларусь прадстаўніка Аджарыі альбо асобы, якая прадстаўляе інтарэсы гэтай рэспублікі на рынку ўзбраеньняў.

Ці магчыма, што лідэр Аджарыі вырашыў зьвярнуцца да Беларусі па такую дапамогу? Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін лічыць, што гэта можа быць толькі пры ўмове згоды Расеі з мэтай пэўнага шантажу кіраўніцтва Грузіі. Вайсковы сэнс такіх кантактаў Аляксандру Алесіну падаецца малаверагодным:

(Алесін: ) “Калі бы гаворка ішла пра зэнітна-ракетныя комплексы ды іншае складанае ўзбраеньне, то яшчэ магчыма, але калі справа тычыцца аўтаматаў і гранатамётаў, якія могуць спатрэбіцца вельмі хутка, то наўрад ці. Такога дабра ў каўкаскім рэгіёне дастаткова. У скрайнім выпадку маглі бы набыць такую зброю ў Прыднястроўскай рэспубліцы, дзе ёй актыўна гандлююць без усялякага міжнароднага кантролю”.

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін не выключае, што зьвесткі пра вайсковыя кантакты Аджарыі зь Беларусьсю распаўсюджаныя з пэўнымі палітычнымі мэтамі.