ПАЛЯКІ ЗНАЙШЛІ НОВЫЯ ДАКУМЭНТЫ ДАТЫЧНА ЗЛАЧЫНСТВАЎ КАМУНІСТАЎ

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У лістападзе 1981 году, шасьцідзесяцігадовая ўжо Ганна Валентыновіч зьбіралася на некалькі дзён прыехаць у горад Радом, каб сустракацца там з прадстаўнікамі розных працоўных калектываў ды заклікаць іх да падтрымкі прафсаюзу “Салідарнасьць”.

Каб не дапусьціць гэтага, спэцслужбы ПНР завэрбавалі адну са знаёмых спадарыні Валентыновіч – таксама актывістку “Салідарнасьці”, у якой тая мелася жыць у часе знаходжаньня ў Радоме. У адпаведным моманце, агентка мусіла даць апазыцыянэрцы сродак пад назвай “Фурасэмід”. Паводле лекараў, гэты сродак, без адпаведаных дадаткаў, можа спрычыніцца да значнага пагаршэньня здароўя, а нават да спыненьня сэрца.

Плян, на шчасьце, не ўдалося здзейсьніць, бо Ганна Валентыновіч была ў Радоме ўсяго адзін дзень і не засталася начаваць у сваёй знаёмай, завэрбаванай праз спэцслужбы.

Між тым у дакумэнце, які быў складзены ўсяго ў адным паасобніку, адзначаецца, што калі б спадарыня Валентыновіч яшчэ некалі зьявілася ў Радоме, дык агентка павінна была паўтарыць спробу забойства.

Дагэтуль у Польшы асуджаныя толькі забойцы вядомага ксяндза Ежы Папялушкі каплана “Салідарнасьці”. Насамрэч, як кажуць адмыслоўцы, забойстваў апазыцыйных дзеячоў было больш, але гэтаму пакуль няма доказаў.

Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса лічыць, што спэцслужбы камуністычнай Польшчы загад змагацца з апазыцыяй успрымалі даслоўна – біцца да сьмерці. Гаворыць Лех Валэнса:

(Валэнса: ) “ У тыя часы ўвесь апарат Польскай народнай рэспублікі змагаўся за сваё выжываньне ў барацьбе з дэмакратычнай апазыцыяй. Таму, на маю думку, спэцлужбам было дазволена рабіць усё, што заўгодна”.

Між тым прадстаўнікі Інстытуту нацыянальнай памяці – гэта дзяржаўная арганізацыя, якая займаецца дасьледаваньнем злачынстваў камуністычнага рэжыму – упэўненыя, што тыя, хто мог браць удзел у падрыхтоўцы замаху на жыцьцё апазыцыянэраў, у дэмакратычнай Польшчы ня можа спаць спакойна, бо раней ці пазьней, нейкія дакумэнты ў гэтых справах знойдуцца.

Нагадаю,што ў Польчшы злачынствы супраць польскага народу – а менавіта такі статус маюць захады камуністычных спэцслужбаў – ня мае тэрміну даўніны.