КАБ ДАСЯГНУЦЬ ПРАГНАЗАВАНЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ УЛАДЫ ЗАБАРАНЯЮЦЬ ВЫВАЗ ПРАДУКТАЎ

Марыя Усьціновіч, Магілёўская вобласьць

Магілёўскія чыноўнікі тлумачаць, што забарона на вываз за межы вобласьці малака і мяса выкліканая неабходнасьцю загрузіць магутнасьці малочных і мясных камбінатаў. Сёньня з прычыны дэфіцыту сыравіны перапрацоўчыя прадпрыемствы не выконваюць свае прагнозныя паказчыкі, што псуе агульную карціну ў вобласьці.

Вось што паведаміла намесьніца старшыні камітэту сельскай гаспадаркі і харчаваньня Магілёўскага аблвыканкаму Марыя Лявонава.

(Лявонава: ) “Трэба ж неяк сябе і сваіх людзей карміць. Ўсё нашае ў Беларусі павінна быць адзінае. Аднак кожная вобласьць, ня толькі мы, “заціснулі” сыравіну ў сябе. Нам жа з іншых рэгіёнаў не вязуць. Таму пакуль забаранілі”.

Магілёўскія спэцыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі гавораць, што забароны на вываз малака і мяса ў Магілёўскай вобласьці робяцца пэрыядычна. Апошнім разам гэта было напрыканцы мінулага году, калі рэгіён змагаўся за выкананьне гадавых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця.

Сельскія гаспадаркі звычайна зьвяртаюць ўвагу не на межы абласьцей, а на ўмовы разьлікаў, якія прапануюць камбінаты. Вязуць малако і мяса туды, дзе плацяць калі ня болей, дык хутчэй, і даюць авансы, калі трэба тэрмінова выплаціць заробак калгасьнікам.

Чыноўнікі ж імкнуцца стрымаць іх адміністрацыйнымі мерамі. У Магілёўскай вобласьці кіраўнікам сельскіх гаспадарак пагражаюць у выпадку непадпарадкаваньня паменшыць памеры датацыяў, якія дае гаспадаркам абласны бюджэт. Таму ў камітэце сельскай гаспадаркі гавораць, што, як бы не ставіліся калгасьнікі да забароны, яны зараз павязуць малако ды мяса на камбінаты толькі свайго рэгіёну, каб не страціць падтрымку мясцовага бюджэту.

А ці можна праблему з вывазам сыравіны вырашыць не адміністрацыйнымі, а іншымі, рынкавымі мэтадамі? Вось якое выйсьце бачыць Васіль Раманаў, кіраўнік магілёўскага аб’яднаньня мясной і малочнай прамысловасьці.

(Раманаў: ) “Прывесьці колькасьць перапрацоўчых прадпрыемстваў у патрэбную адпаведнасьць”.

(Кар.: ) “Зачыніць іх?”

(Раманаў: ) “Канечне!”

Спэцыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі лічаць, што праблему з вывазам сыравіны ў іншыя рэгіёны можна вырашыць фінансавым мэтадам: толькі не санкцыямі, а заахвочваньнем.

(Лявонава: ) “Толькі калі павялічыць цэны. Будзе тут болей – павязуць сюды. Канечне, грошы ўсё вырашаюць”.