Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта разгарнула ў пушчы актыўную гаспадарчую дзейнасьць. Там высякаюць дрэвы, нарыхтоўваюць піламатэрыялы на сотні мільёнаў рублёў. Чыноўнікі заяўляюць, што гэта ня шкодзіць прыродзе, бо вядуцца толькі санітарныя ды навукова абгрунтаваныя высечкі.
Эколягі з гэтым нязгодныя. Яны лічаць, што ідзе зьнішчэньне запаведнай пушчы, гіне яе ўнікальная флёра і фаўна. Шматлікія звароты ў міжнародныя структуры са скаргамі на дзеяньні беларускіх уладаў мелі вынікам тое, што ў пушчу накіроўваецца група экспэртаў зь ЮНЭСКО і Міжнароднага саюзу аховы прыроды — яны зьбіраюцца ўсё пабачыць на свае вочы.
Сёньня экспэрты пачнуць знаёміцца з пушчай, а заўтра правядуць сустрэчу з прадстаўнікамі экалягічных арганізацыяў. Па выніках праверкі экспэрты падрыхтуюць справаздачу, якая будзе агучаная на адмысловай сэсіі ЮНЭСКО. Кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Тэра-канвэнцыя” эколяг Валер Дранчук спадзяецца, што гэтая справаздача стане падставай для больш грунтоўнай міжнароднай экспэртызы Белавескай пушчы.
(Дранчук: ) “Белавескай пушчы несумненна пагражае небясьпека. Яна высыхае. Вырубкі, так бы мовіць, месячныя ляндшафты... Відавочна, што яна дэградуе. Мяркую, што экспэрты, паслухаўшы пазыцыю ўладаў, пабачыўшы нешта самі, паслухаўшы нас, грамадзкасьць, прымуць рашэньне пра больш шырокую, больш глыбокую праверку. Мусіць прыехаць камісія, якая прафэсійна вызначыць гэты сёньняшні стан пушчы”, — сказаў эколяг Валер Дранчук.
Некаторыя эколягі ў Беларусі, аднак, не падзяляюць аптымізму адносна вынікаў цяперашняй інспэкцыі ЮНЭСКО. Яны лічаць, што экспэртам пакажуць толькі ўзорны кавалак пушчы, ім не дазволяць кантактаваць зь мясцовымі жыхарамі і адмыслоўцамі, каб спраўдзіць нэгатыўныя факты — і экспэртыза ператворыцца ў звычайную экскурсію замежных гасьцей. На жаль, журналістаў ужо пазбавілі магчымасьці задаць наўпрост пытаньні экспэртам пасьля іх працы ў Белавескай пушчы. Кіраўнік рэспубліканскай камісіі ў справах ЮНЭСКО Ўладзімер Шчасны паведаміў Радыё Свабода, чаму прэсавай канфэрэнцыю ня думаюць праводзіць:
(Шчасны: ) “Ня думаю, што яны самі на гэта пагодзяцца, бо ім усё трэба асэнсаваць, узважыць усе факты. Таму наўрад ці гэта будзе магчыма. Але будзе апублікаваная справаздача. Яна будзе адкрытая для карыстальнікаў”.
Беларускія эколягі дамагаюцца наданьня Белавескай пушчы статусу аб’екту ўсясьветнай спадчыны, які знаходзіцца ў небясьпецы. Таксама яны патрабуюць стварэньня грамадзкай назіральнай рады за становішчам у Нацыянальным парку “Белавеская пушча”.