СУПРАЦЬ БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА БРОВАРУ “КРЫНІЦА” РАСПАЧАТАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былога дырэктара падазраюць у злоўжываньні службовым становішчам. Нібыта паводле загаду Ўладзімера Бадрова камэрцыйным структурам незаконна было выплачана больш за 900 мільёнаў рублёў. Аднак Уладзімір Бадроў вінаватым сябе не прызнае. Ён заяўляе, што ўсе выплаты грашовых узнагародаў рабіліся паводле рашэньня назіральнай рады прадпрыемства.

Менскі бровар “Крыніца” лічыцца адным з найлепшых прадпрыемстваў галіны ў Беларусі, але апошнім часам яго суправаджаюць гучныя скандалы.

Два гады таму вядомы расейскі піўны канцэрн “Балтыка” уклаў некалькі мільёнаў даляраў у рэканструкцыю “Крыніцы”, але мусіў згарнуць гэтыя пляны з прычыны ўмяшальніцтва вышэйшага кіраўніцтва краіны. Свае грошы “Балтыка” вярнула толькі праз суд.

Новы інвэстар, беларускі “Прыёрбанк”, пачаў супрацоўніцтва з “Крыніцай” з адхіленьня Ўладзімера Бадрова з пасады дырэктара. А ў выніку нядаўняй праверкі “Крыніцы” кантрольнымі органамі была распачатая крымінальная справа супраць самага вядомага беларускага півавара.