ЛІДЭРЫ ПРАТЭСТАНЦКІХ СУПОЛАК СПАДЗЯЮЦЦА НА КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД

Альгерд Невяроўскі, Менск

Зварот падпісалі кіраўнікі саюзаў “Хрысьціянаў веры эвангельскай” і “Эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў”, а таксама аб’яднаньня суполак “Хрысьціянаў поўнага Эвангельля” і “Канфэрэнцыі цэркваў адвэнтыстаў сёмага дня”.

Яны лічаць, што многія палажэньні прынятага напрыканцы 2002 году закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў” істотна парушаюць правы пратэстанцкіх вернікаў і супярэчаць міжнародным пагадненьням, падпісаным Беларусьсю.

Напрыклад, рэлігійная суполка рэгіструецца толькі ў тым выпадку, калі налічвае ня менш за 20 сябраў, прычым іншаземцы ды асобы без грамадзянства ня могуць быць яе заснавальнікамі.

Безь дзяржаўнай рэгістрацыі суполка ня мае права праводзіць багаслужбы й навучаньне вернікаў. Закон абмяжоўвае права вернікаў на супольныя малітвы па месцы жыхарства.

Аўтары звароту адзначаюць, што ў законе ёсьць нямала недакладных тэрмінаў, што дазваляе ўладам адвольна яго трактаваць. Іх таксама непакоіць і парадак ліквідацыі абшчынаў за два парушэньні закону. Лідэры пратэстанцкіх цэркваў просяць Канстытуцыйны суд прызнаць гэтыя нормы закону не адпаведнымі Канстытуцыі й міжнародным стандартам.

Але, паводле беларускіх законаў, грамадзкія ды рэлігійныя аб’яднаньні ініцыяваць разгляд справы ў Канстытуцыйным судзе ня могуць. Вось што сказаў у гэтай справе адзін з аўтараў звароту, япіскап “Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай” Сяргей Хоміч:

(Хоміч: ) “Яны маюць права адмовіць, але таксама маюць права распачаць разгляд справы. Канстытуцыйны суд на падставе нашай просьбы (але гэта ўжо ня мы ініцыятары, а яны) ініцыюе, разглядае і робіць заключэньне”.

Пакуль лідэры пратэстанцкіх цэркваў спадзяюцца, што Канстытуцыйны суд прыслухаецца да іхнай просьбы. У адваротным выпадку яны распачнуць збор 50 000 подпісаў вернікаў пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з патрабаваньнем адмяніць дыскрымінацыйныя артыкулы закону.