Супрацоўнікі ўчастку дарожнай міліцыі “Каськова” на беларуска-расейскім памежжы ў Амсьціслаўскім раёне гавораць, што афіцыйных распараджэньняў пра аднаўленьне мытнай мяжы ня маюць.
Кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў, якія перасякаюць мяжу, у большасьці ня вераць у магчымасьць увядзеньня мытнага кантролю на беларускім баку.
(Спадар: ) “Пакуль такіх пагалосак я ня чуў. Як мы паставімся да ўвядзеньня мытні? Дрэнна. І так ужо на расейскім баку стаім пастаянна. А калі будзем стаяць яшчэ і на беларускім, дык гэта ўвогуле будзем дзень мяжу пераходзіць”.
(Спадар: ) “Гэта, па-першае, чарга, вельмі доўгая. Пакуль адстаіш, дык і ехаць няма калі. Пачнуцца паборы, калі сказаць груба. Будзе за кошт гэтага нехта жыць. А нам больш на галаве пераносіць”.
Беларускія кіроўцы лічаць, што мытныя пытаньні залежаць ад палітыкаў:
(Спадар: ) “Наша справа — ехаць. А іх — вырашаць палітычныя пытаньні”.
(Спадар: ) “Пасьля выбараў будзе вядома”.
(Карэспандэнтка: ) “Пасьля якіх выбараў?”
(Спадар: ) “Напэўна, пасьля нашых”.
Дальнабойшчыкі запэўніваюць, што апошнім часам не заўважалі ўзмацненьня кантролю на абодвух баках беларуска-расейскай мяжы. Апошнія непрыемнасьці зьвязаныя з дарагімі расейскімі аўтастрахоўкамі й абмежаваньнямі на вываз з Расеі бэнзыну, які значна таньнейшы за беларускі. Такія праблемы не турбуюць людзей на фурманках, якія па-за чаргой грузавікоў перасякаюць мяжу. Маладым людзям, якія зь беларускага боку едуць да сваякоў у Расею, не падабаецца памежны кантроль:
(Спадар: ) “Была дарога, і яжджай сьмела. А цяпер кожны тармозіць”.
(Спадарыня: ) “Ня трэба ставіць ніякай мытні, няхай будзе адзін рубель і ўсё адзінае ў нас будзе. Гэта будзе самае лепшае”.
Жыхары памежных вёсак — беларускай Каськова і расейскай Гразь — лічаць, што ім не патрэбная мытня, і ўвогуле мяжа, якой нельга пераехаць свабодна, без забаронаў.
(Спадар: ) “Ня трэба тут ніякіх межаў. Раней жылі — межаў не было”.
(Спадар: ) “Яны павінны быць, аднак не такія пераборлівыя, што нельга і праехаць, ды ўсё строга”.
(Спадар: ) “Але ўсё роўна праводзяць наўкол. Вакол аб’яжджаюць мытні”.
(Спадар: ) “А я бы зусім усё зьліквідаваў бы. Панаставілі гэткія латругі”.
(Спадар: ) “Гэта каму зноў выгадна? Нашаму начальству вышэйшаму. Яны толькі гэтыя межы трымаюць. А для нас гэта толькі беднасьць і жабрацтва”.
Прыватныя прадпрымальнікі, якія езьдзяць у Расею па танныя харчы і гандлююць імі на рынку ў Амсьціславе, ведаюць пра магчымае аднаўленьне мытняў:
(Прадпрымальнік: ) “Гэта ўсе гавораць: і памежнікі расейскія гавораць, і на нашым баку мяжы. Гэта ня чуткі, гэта ўжо рэальнасьць”.
Памежны бізнэс чуйна рэагуе на любыя зьмены на мяжы. Расейскія аўтастрахоўкі, які давялося набываць прадпрымальнікам, сталі прычынай некаторага падвышэньня цэнаў на расейскія тавары. Прыватнікі мяркуюць, што больш адчувальна адаб’ецца на цэнах аднаўленьне мытняў на беларуска-расейскай мяжы.
(Прадпрымальнік: ) “Калі і тавар праз мытню трэба праводзіць, то, значыць, падлічылі: цэны падвысяцца прыкладна на 50%. Хочам мы гэтага, альбо не, а нам давядзецца падняць цэны на такі адсотак. І ў першую чаргу пацерпіць ад гэтага народ!”