БЕЛАРУСКІЯ ТУРАПЭРАТАРЫ РАЗЬЛІЧВАЮЦЬ НА ЗЬНІЖЭНЬНЕ КОШТУ АДПАЧЫНКУ Ў ГІШПАНІІ

Ігар Карней, Менск

Адпачынак у Гішпаніі набыў папулярнасьць, дзякуючы найперш аўтобусным турам. Самалётам падарожнічаць дорага. А перавага аўтобуснага падарожжа ў тым, што апроч тыдня на марскім ўзьбярэжжы, доўгая дарога прадугледжвае прыпынкі ў галоўных эўрапейскіх гарадах. Аднак учорашнія тэрарыстычныя атакі на пасажыраў мадрыдзкіх цягнікоў прымусілі эўрапейскіх турапэратаў тэрмінова пераглядаць графік гішпанскіх вакацыяў. Ці зьбіраюцца карэктаваць свае пляны беларускія агенцыі, якія спэцыялізуюцца на гішпанскім кірунку?

Адзін з мэнэджараў cталічнай фірмы “Latinserviss”, спасылаючыся на папярэдні досьвед, кажа: беларускія турысты адразу цікавяцца коштамі, а ўжо потым сытуацыяй у краіне. Беларусаў, якія ехалі летась у блізкаўсходні рэгіён, не палохала ні вайна ў Іраку, ні землятрус у Турэччыне; гэтак жа ігнаравалі беларусы пазалеташнія паводкі ў Чэхіі і сёлетнія сьнежныя лавіны ў Альпах. Да таго ж, паводле майго суразмоўцы, аддалены ад узьбярэжжа Мадрыд прываблівае найперш аматараў даўніны, а беларускія турысты звычайна асядаюць на пляжах Мальёркі ды Коста-Брава.

Кіраўнік турыстычна-кансультацыйнай кампаніі “Эдэльвэйс” Іван Кобзік кажа, што падобнага кшталту катаклізмы абавязкова цягнуць зьніжкі па ўсёй інфраструктуры — ад пражываньня ў гатэлях да экскурсій. І меркаванае зьніжэньне коштаў на адпачынак у Гішпаніі — яшчэ адзін аргумэнт дзеля таго, каб у гэтым сэзоне скіравацца на Пірэнэі. Ягоны прагноз — зьніжэньне попыту на гішпанскі кірунак сярод заходніх эўрапейцаў прывядзе да “пляжнай” дыспрапорцыі на карысьць расейцаў ды беларусаў.

(Кобзік: ) “Апошнім часам мы неаднаразова былі сьведкамі, што ў розных краінах сьвету, якія маюць вагу для беларускага рынку турыстычных паслугаў, адбываюцца экстраардынарныя сытуацыі. Але гісторыя вучыць таму, што ні на беларускіх турыстаў, ні на расейскіх гэтыя здарэньні звычайна не ўплываюць. Хутчэй, наадварот, у тых мясьцінах, дзе адбываюцца тэрарыстычныя акты, альбо нейкія прыродныя катаклізмы, адбываецца зьніжэньне коштаў на турыстычныя паслугі, бо нашмат меней становіцца турыстаў з Заходняй Эўропы, японцаў, амэрыканцаў. Таму, мяркую, тэракт у Гішпаніі можа выклікаць гэткую ж зьяву — калі, безумоўна, гэтыя тэрарыстычныя акты ня будуць працягвацца”.

Два апошнія гады кошты на адпачынак у Гішпаніі выстаўляюцца ў эўра. Прадстаўнікі турфірмаў спадзяюцца, што нават калі лічбы і застануцца ранейшымі, то — у даляравым эквіваленце. Прыкладам, дагэтуль падарожжа зь Менску ў Барсэлёну аўтобусам у сярэднім каштавала 450 эўра, што болей за паўтысячы даляраў. Аналягічны паветраны пералёт пачынаўся ад 600 эўра (болей за $700). Але ў кожным разе эканомія для сям’і з чатырох чалавек істотная — 300–500 даляраў.

Між тым, іншыя эўрапейскія турапэратары прагназуюць, што асноўная маса аматараў гішпанскіх вакацыяў будзе шукаць іншых варыянтаў адпачынку.