Судовы працэс па адміністрацыйнай справе Мікіты Сасіма ды Андрэя Чыжа вёў старшыня Баранавіцкага суду Мікалай Кміта. Затрыманых падчас працэсу трымалі ў мэталічнай клетцы. Іх абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 156 Адміністрацыйнага кодэксу — дробнае хуліганства. Паводле тлумачэньняў, што далі суду Мікіта Сасім ды Андрэй Чыж, падчас распаўсюду ўлётак яны ня мелі хуліганскіх намераў, проста хацелі данесьці да студэнтаў інфармацыю аб тым, як адрэагавалі на далучэньне БРСМаўскай суполкі каледжу да руху “Зубр” беларускія палітыкі ды грамадзкія дзеячы. Гэтая інфармацыя была ўзятая з зуброўскага сайту.
У якасьці сьведкаў па справе былі запрошаныя дырэктар каледжу Аляксандар Ліс, загадчык завочнага аддзяленьня Аляксандар Сьвірункоў ды выкладчыца фізыкі Тамара Пастуховіч. Яны станоўча характарызавалі Мікіту Сасіма як навучэнца каледжу, аднак далі адмоўную ацэнку ягоным апошнім дзеяньням. А распаўсюд улётак падчас заняткаў расцанілі як хуліганства, паколькі ў выніку гэтага нібыта быў сарваны ўрок.
З гэтай думкай пагадзіўся і суд. Паводле пастановы, Мікіта Сасім пакараны адміністрацыйным арыштам на 10 сутак, Андрэй Чыж — на 7.
Сьвятлана Сасім, маці Мікіты, дзеяньні свайго сына і сёньняшнюю пастанову суда пракамэнтавала гэтак:
(Сасім: ) “Я лічу, што рашэньне суду вельмі суровае. Нават і ня ведала, што за зрыў урока можна атрымаць дзесяць сутак. Мікіта такім чынак выяўляе сваё стаўленьне, сваю думку да абставінаў у краіне, да падзеяў, што адбываюцца ў краіне. Я падтрымліваю гэтую яго думку”.
Сьвятлану Сасім не падпусьцілі нават да сына, каб перадаць яму харчы. Асуджаных зуброўцаў адразу пасьля агалошваньня судовай пастановы вывелі з залі.