Учорашняе рашэньне камісіі, якая кантралюе арэнду дзяржаўных будынкаў, было простай фармальнасьцю, лічыць кіраўніцтва ТБМ. Насамрэч пытаньне пра тое, ці выселіць таварыства з офісу, які яно наймае ад часу свайго стварэньня цягам пятнаццаці гадоў, вырашалася ў больш высокіх кабінэтах. Пра што ўладальнікі сталічнае нерухомасьці пісьмова паведамілі ў сакратарыят ТБМ (цытую ў перакладзе з расейскае мовы): “Ваш ліст кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь У.Р.Латыпаву на даручэньне кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму разгледжаны ў Менскім гарадзкім цэнтры нерухомасьці… Прынятае рашэньне пра перазаключэньне дамоваў арэнды… тэрмінам да 4 лютага 2005 году”.
Вось як пракамэнтаваў рашэньне ўладаў старшыня ТБМ Алег Трусаў:
(Трусаў: ) “Сябры ТБМ, калі атрымалі гэтую паперу, былі вельмі ўсьцешаныя з таго, што двухмесячнае змаганьне за сядзібу дало станоўчы вынік. Мы вельмі ўдзячныя найперш нашым журналістам, якія ўвесь час трымалі на кантролі гэтае пытаньне. Па-другое, мы ўдзячныя дыпляматам замежных амбасадаў і місіяў, якія таксама накіроўвалі ўладам адпаведныя запыты. Ну, і самая галоўная падзяка нашая тым тысячам грамадзянаў Беларусі, якія накіравалі свае звароты пра захаваньне за намі сядзібы як кіраўніку Менску Паўлаву, так і віцэ-прэм’еру Дражыну”.
Нагадаем, што 12 студзеня адміністрацыя Партызанскага раёну сталіцы, на тэрыторыі якога знаходзіцца офіс ТБМ, паведаміла, што дамова арэнды з таварыстам будзе прыпыненая 3 сакавіка без прадастаўленьня іншага памяшканьня. Пасьля чаго сябры ТБМ распачалі кампанію пратэсту, якую сваімі лістамі падтрымалі больш за дзесяць тысяч грамадзянаў. Супольныя намаганьні далі плён. Першапачаткова дамова была працягнутая да канца сакавіка, а цяпер — да 4 лютага наступнага году. Хоць у лістах на імя віцэ-прэм’ра Дражына ТБМ прасіла бестэрміновае арэнды офісу на Румянцава, але і прынятае рашэньне кіраўніцтва таварыства лічыць значным. Гаворыць Алег Трусаў:
(Трусаў: ) “Бестэрміновую арэнду атрымаць надзвычай цяжка. Раней з намі заключалі дамову толькі на паўгоду, цяпер жа прапануецца заключыць дамову на год, дык гэта лепш, чым было да пачатку падзеяў”.
(Карэспандэнтка: ) “Але тым ня менш, гэты год скончыцца…”
(Трусаў: ) “Год скончыцца, а хто ведае, што за гэты год здарыцца… Я зыходжу з таго, што нават калі мы на месяц працягнулі (першая ж перамога маленькая была — мы пакуль што маем да 31 сакавіка), то добра, бо калі б ня мелі, мы б ужо былі на вуліцы сёньня. Так што ў гэтым жа ёсьць тактыка дыялёгу і кампрамісу. Не бывае так, што ты атрымліваеш усё, што хочаш”.