ПАКСАСГЕЙТ: ЛІТОЎСКІ ЎРОК ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Сяргей Дубавец, Вільня

Апошнія паўгода суседняя Літва дае Беларусі незвычайны прыклад постсавецкае трансфармацыі. Пачалося з таго, што там “наступілі на беларускія граблі” аўтарытарызму і цяпер выбіраюцца на дэмакратычны шлях. Паспрабуем зь іхных намаганьняў вынесьці для сябе карысны ўрок.


Тое, што адбываецца ў Літве, для Беларусі важна з многіх прычынаў. І таму, што нашы народы сотні гадоў пражылі ў адной дзяржаве. І таму, што станаўленьне нацыяў пачыналася ў нас аднолькава і ў адзін час. І таму, урэшце, што шасьцістамі кілямэтрамі агульнай мяжы мы надзейна павязаныя на ўсю наступную гістарычную пэрспэктыву. Дарма што сёньняшні менскі афіцыёз анальфабэтычна залічвае суседзяў у “краіны далёкага замежжа”.

Але найперш для нас важны сам матыў літоўскага прэзыдэнцкага скандалу. Суседзі ўсенародным галасаваньнем абралі сабе кіраўніка краіны і раптам убачылі ў ім небясьпеку аўтарытарызму. Уласна ў гэтым і ёсьць сутнасьць скандалу. Спачатку справу Раландаса Паксаса разгледзела адна камісія, потым Канстытуцыйны Суд, потым другая камісія, нарэшце, у мінулую пятніцу працэдуру імпічмэнту распачаў парлямэнт. Тэма скандалу не сыходзіць з тэлеэкранаў, радыёэтэру і газэт. Працэс гэты цяжка ўявіць сабе ў сёньняшняй Беларусі, але параўнаньне зусім дарэчнае, бо, паўтаруся, сутнасьць таго, што адбываецца, знаёмая, беларуская.

Сёньня ў перадачы мы гаворым пра гэта з маёй калегай, віленскай журналісткай Тацянай Поклад, якая сочыць за сытуацыяй і аналізуе яе. Мая роля ў гэтай гутарцы – прымерваць, як той казаў, літоўскую сьвітку на беларускія плечы і наадварот.

– Тацяна, даводзілася ня раз чуць, што ў Літве прэзыдэнта зьвінавачваюць і парлямэнт, і Канстытуцыйны суд, тым часам народ паспаліты не разумее – за што. Што такога нарабіў Раландас Паксас, каб яго ўсе так спалохаліся і сталі патрабаваць адстаўкі? Курсу краіны не мяняў. Хіба даў грамадзянства спонсару сваіх выбараў? Дык які ён тады прэзыдэнт, калі ня мае права нават на гэта...

(Поклад: ) “Дакладней, частка народу не разумее, за што абвінавачваюць кіраўніка краіны, – як сьведчаць апытаньні і рэйтынгі, гэта прыкладна палова усіх выбарцаў. Яны гатовыя падтрымаць прэзыдэнта. Аднак, варта зьвярнуць увагу на тое, хто яны.

Гэта, як правіла, людзі пэнсійнага веку зь невялікіх паселішчаў, зь невысокімі даходамі і невысокім адукацыйнам цэнзам. (Акурат такія, што складаюць – паводле прызнанага стэрэатыпу – электарат Аляксандра Лукашэнкі). Другая палова – маладзейшыя жыхары буйных гарадоў, што маюць вышэйшую адукацыю і даходы больш за 150 эўра на месяц – гэтыя якраз разумеюць, у чым справа, і таму патрабуюць адстаўкі Паксаса”.

(Дубавец: ) Выглядае, што чыста тэарэтычна і ў Літве, і ў Беларусі адказ на пытаньне “ў чым справа” гучаў бы аднолькава. І ў сёньняшняй перадачы мы абавязкова гэты адказ знойдзем. Толькі сьпярша ўсё ж працягнем параўнаньне электаратаў дзьвюх краін. Вось гэтыя дзьве часткі: умоўна старэйшых прыхільнікаў сьветлага савецкага ўчора і ўмоўна маладзейшых прыхільнікаў эўрапейскае інтэграцыі. У Беларусі другія прынесеныя ў ахвяру першым. Прынамсі, папулісцкая рыторыка прэзыдэнта заўсёды другіх зьневажала і аж сьвяцілася бацькоўскім клопатам пра першых. Не скажу, што пачуў нешта падобнае з вуснаў Раландаса Паксаса, але публіка, якая зьбіраецца на мітынгі ў ягоную падтрымку, цалкам адпавядае вобразу змагароў за савецкае ўчора...

(Поклад: ) “Аналітыкі кажуць, што Паксас утрымлівае свой сёньняшні рэйтынг найперш – пасьпяховай абаронай.

Сацыёляг, кіраўнік цэнтру дасьледаваньня грамадзкай думкі і рынку Владас Гайдзіс піша, што гэтая абарона зводзіцца да аднаго сказу: “Прэзыдэнт не падабаецца, таму яго хочуць скінуць”. Гэта значыць, што ў краіне ёсьць змова “дрэнных” палітыкаў, якія любымі сродкамі імкнуцца адправіць у адстаўку “добрага” прэзыдэнта. Вось і ўсё. Дакладней, для той часткі электарату, якая бароніць Паксаса, гэтага цалкам дастаткова, каб ісьці на мітынг пратэсту. Тым часам, апанэнты Паксаса прыводзяць паўсотні аргумэнтаў для ягонага імпічмэнту, і той, хто задумляецца над гэтымі аргумэнтамі, як правіла, не пратэстуе. На мітынг ня йдзе”.

(Дубавец: ) Ёсьць яшчэ і такая “народная думка”: прэзыдэнта скідаюць, бо ён хоча “навесьці парадак”, у выніку чаго іншыя важныя кіраўнікі могуць паляцець са сваіх пасадаў.

(Поклад: ) “Перадвыбарная кампанія Раландаса Паксаса была распрацаваная і праведзеная на даволі высокім узроўні. Важнае месца займалі ў ёй лёзунгі пра навядзеньне парадку і змаганьне з карупцыяй”.

(Дубавец: ) Тое самае, з чым пачынаў і Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі. Але ў Лукашэнкі ўсё выйшла так, як ён хацеў, а Паксас зараз жа сустрэў такія перашкоды, якія ўжо пагражаюць яму стратай самой прэзыдэнцкай пасады...

(Поклад: ) “Ён умешваецца ў справы суб’ектаў гаспадараньня і тым самым хоча паказаць, што выконвае свае перадвыбарныя абяцаньні. Вось зусім нядаўна адзін з дарадцаў прэзыдэнта адправіўся ў горад Алітус, каб у тамтэйшым аддзеле дэпартамэнту дзяржбясьпекі забраць сакрэтныя дакумэнты адносна парушэньняў у конкурсе на прыватызацыю акцыянэрнага таварыства “Аліта”, якое выпускае алькагольныя напоі. Тое, што прэзыдэнт запатрабаваў сакрэтную інфармацыю ад раённага кіраўніка бясьпекі без папярэдняй згоды кіраўніка Дзярждэпартамэнту, зьяўляецца грубым парушэньнем нават некалькіх законаў”.

(Дубавец: ) Кіраўніка Беларусі ў такой сытуацыі ўявіць папросту немагчыма. Дакладней, яго ўявіць якраз магчыма, і тое, што ў апазыцыйнай газэце напішуць пра грубае перавышэньне паўнамоцтваў – гэта ўсё ёсьць. Розьніца ў тым, што ніхто ў Беларусі ня можа пакараць усенароднаабранага прэзыдэнта за парушэньне законаў. А ў Літве такі самы ўсенароднаабраны робіцца ня толькі аб’ектам крытыкі ў СМІ, але й працэдуры адлучэньня ад улады. Ну, што гэта за прэзыдэнт!..

Варта тут яшчэ параўнаць і дачыненьні кіраўніка краіны са сродкамі масавай інфармацыі. Літоўскі калега Лукашэнкі, аказваецца, мае свае законныя паўгадзіны простага этэру на дзяржаўным радыё. Паўгадзіны на тыдзень...

Праўда, калі параўнаць прафэсійны ўзровень літоўскіх і беларускіх тэлеканалаў, дык тут – неба і зямля. З шасьці тэлеканалаў у Літве толькі адзін дзяржаўны, дый той хутчэй на баку парлямэнта, а не прэзыдэнта. У Беларусі ўсе тэлеканалы служаць нават ня столькі прэзыдэнту, колькі той папулісцкай лёгіцы пра добрага кіраўніка і дрэнных усіх астатніх. Словам, калі зноў вяртацца да электаральнай схемы, зь якой мы пачалі гаворку, дык для той другой паловы – маладзейшых жыхароў буйных гарадоў з вышэйшай адукацыяй і больш высокім узроўнем даходаў – у Беларусі тэлевізіі папросту няма.

Але вернемся да літоўскага скандалу. Навошта прэзыдэнту Паксасу спатрэбілася, як кажуць аналітыкі, выкрадаць тыя сакрэтныя дакумэнты пра прыватызацыю гарэлачнага заводу ў Алітусе?

(Поклад: ) “Называюць тры матывы, дзеля якіх ён мог гэта зрабіць. Мяркуюць, па-першае, што ў тых сакрэтных дакумэнтах маглі фігураваць асобы з прэзыдэнцкага атачэньня. Па-другое, – каб зрабіць штосьці прывабнае для сваіх прыхільнікаў. Як, сказала, да прыкладу, выкладчыца факультэту камунікацыяў Віленскага ўнівэрсытэту Рэната Маткявічэне, ён зрабіў гэта, каб паказаць, што змагаецца з самой “сыстэмай”, і хутчэй за ўсё, такі крок Паксаса будзе прывабны для ягоных прыхільнікаў. Нарэшце, трэцяя прычына – гэта спроба контратакі. Адмыслоўца палітычных тэхналёгіяў Крыстына Вайчунайтэ заўважае, што сакрэтныя матэрыялы незаконна апынуліся на стале ў прэзыдэнта дзеля таго, каб у людзей стварылася ўражаньне, што ініцыятарам імпічмэнту – дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі і іншым палітыкам ёсьць што хаваць ад народу”.

(Дубавец: ) Прычыны маюць папулісцкі характар. Але паспрабуем зірнуць на ўсё гэта зь іншага боку.

Дапусьцім, цяперашні скандал у Літве пачаўся ад таго, што прэзыдэнту забракавала ўлады. Усенародны абраньнік не адчуў адэкватных паўнамоцтваў. Можа быць, прычына канфлікту – у гэтай неадэкватнасьці і нічога падобнага б не было, калі б прэзыдэнта выбіраў ня ўвесь народ, а парлямэнт? Як гэта адбываецца, напрыклад, у Латвіі.

(Поклад: ) “Альбо – трэці варыянт – калі народ ведае пра паўнамоцтвы прэзыдэнта і не абірае таго, чые перадвыбарныя абяцаньні відавочна перавышаюць гэтыя паўнамоцтвы. Іншымі словамі, калі народ не спакушаецца на папулісцкія абяцаньні. І разумее, што гэта не ўваходзіць у функцыі прэзыдэнта. Менавіта на гэта спадзявалася літоўская інтэлігенцыя, адукаваная частка грамадзтва.

У мас-мэдыях былі спробы шырэй тлумачыць, за што адказны прэзыдэнт у парлямэнцкай рэспубліцы, – замежная палітыка, прызначэньне ўрадоўцаў... Аднак пад час апошніх прэзыдэнцкіх выбараў большасьць літоўскіх грамадзянаў прагаласавалі за таго, хто найбольш абяцаў дзейнічаць у той сфэры, у якой прэзыдэнт непаўнамоцны. Прэзыдэнт не выконвае функцыяў пракурора альбо прэм’ер-міністра. Калі любы кіраўнік пачынае займацца тым, што не ўваходзіць ў яго абавязкі – гэта найперш азначае, што ён не дае рады сваім непасрэдным абавязкам. Віцэ-старшыня адмысловай парлямэнцкай камісіі, якая дасьледуе абвінавачваньні супроць Р.Паксаса, Юліюс Сабатаўскас кажа: “Не разумею, што адбываецца, калі прэзыдэнт ўжо пачаў выконваць функцыі пракуратуры. Гэта парушае ня толькі законы, але і вызначаны у Канстытуцыі прынцып падзелу улады”.

(Дубавец: ) Але што рабіць, калі народ выбраў маладога, энэргічнага і амбітнага прэзыдэнта? Якому не сядзіцца ў ягоным фатэлі сымбалічнага кіраўніка краіны. Паксас, які ганяе на матацыкле і зьяўляецца чэмпіёнам СССР у авіяцыйнай акрабатыцы, пры ўсім жаданьні ня ўлезе ў скуру здаволенага жыцьцём дзядулі, які піша мэмуары. Вунь Лукашэнку першым часам так расьпірала, што нават тэмы школьных сачыненьняў зачытваў праз радыё. У Беларусі права прэзыдэнта ўнікаць ва ўсё на сьвеце даўно стала няпісаным законам. І я сумняюся, што перад наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі людзі пачнуць масава вывучыць паўнамоцтвы ўсенароднага абраньніка. Такі ўжо склаўся вобраз. У Беларусі народ не прэзыдэнта будзе выбіраць, а новага Лукашэнку.

Цікава ўсё ж, якія высновы літоўцы зробяць зь сёньняшняга скандалу. Можа быць, варта прыняць закон, паводле якога на пасаду прэзыдэнта ня можа балятавацца ніхто малады, энэргічны і амбітны...

(Поклад: ) “Ня мае значэньня ўзрост ці амбітнасьць. І малады, і амбітны дзеяч можа дамагчыся многага, і той жа народнай папулярнасьці, не перавышаючы прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Іначай кажучы, парушаць Канстытуцыю – не адзіны і не найлепшы шлях да народнай папулярнасьці. І народ, які верыць папулісцкім перадвыбарным абяцаньням кандыдата, у якога ўдала наладжаная перадвыбарчая кампанія, галасуе за яго не для таго, каб ён парушаў асноўны закон краіны.

Але прэзыдэнт Літвы Р.Паксас абраў адваротны шлях, ад першых месяцаў свайго прэзыдэнцтва ён дэманстраваў, што не абмяжуецца функцыямі, вызначанымі прэзыдэнту Канстытуцыяй. Пра намеры Р.Паксаса быць аўтаратырным лідэрам у Літве загаварылі менавіта пасьля таго, калі ён пачаў займацца “не прэзыдэнцкімі справамі”, а ягоныя дарадцы сталі ўмешвацца ў працу міністэрстваў. Тады ж літоўскія аналітыкі пачалі параўноўваць Р.Паксаса з аўтарытарным кіраўніком Беларусі А.Лукашэнкам. Стыль дзеяньняў Р.Паксаса называюць “звычайным лукашызмам”.

(Дубавец: ) Цень Лукашэнкі ўсё больш выразна прамалёўваецца за галоўным фігурантам літоўскага скандалу.

(Поклад: ) “Вось характарыстыка Лукашэнкі з аднаго літоўскага выданьня: “Суворы, імпульсыўны, ня любіць кампрамісаў. Імкнецца абіраць мадэль паводзінаў “простага чалавека”. У канфліктных сытуацыях – упарты”. У Літве такія якасьці звычайна асацыююць з ураджэнцамі Жэмайціі, адкуль паходзіць і Раландас Паксас. Абодва лідэры маюць падобныя падыходы да кіраваньня. Лукашэнка ўжо даўно кіруе краінай праз указы і дэкрэты, а Канстытуцыю зьмяніў так, каб яму не пярэчыла. Паксас і яго атачэньне адразу пасьля перамогі на выбарах абвесьцілі гэткую ж мэту. Лёгіка простая – кіраўнік дзяржавы, як і кіраўнік калгаса ці акцыянэрнага таварыства “у сваім гародзе” можа рабіць што захоча – вядома, “каб народу было лепей”. Таму кіраўнік беларускай дзяржавы займаецца справамі прыватызацыі Менскага кірмашу, а дарадцы літоўскага прэзыдэнта алькагольны завод назвалі “стратэгічным прадпрыемствам”.

(Дубавец: ) І ўсё ж... Як кажуць, “вочы бачылі, каго выбіралі”. Што цяпер Лукашэнку і Паксасу трэба перакручваць сябе, наступаць на горла сваёй песьні, каб убіцца ў тыя канстытуцыйныя нормы?

(Поклад: ) “Тое, што функцыі прэзыдэнта дакладна вызначаныя ў Канстытуцыі Літвы, не азначае, што краіне патрэбны слабы прэзыдэнт, альбо не актыўны і не папулярны. У дэмакратычнай краіне ня можа быць пасады, якая б давала правы і абавязкі рабіць ўсё, займацца ўсім, чым пажадаецца. Дыктатура і пачынаецца з таго, што існуе моўчкі прызнанае права любога начальніка на неабмежаваныя паўнамоцтвы. У постсавецкім грамадзтве людзям часта і не прыходзіць у галаву пацікавіцца, на што ня мае права іх кіраўнік. Тым болей, калі гэта датычыцца прэзыдэнта – ці, можа, насамрэч, быць нешта такое, на што кіраўнік дзяржавы ня мае права?! – Так, можа быць, – лічыць нямала людзей, прынамсі, у Літве”.

(Дубавец: ) І ў Беларусі такіх людзей нямала. Праўда, іх думка літаральна згвалтаваная яшчэ ў 1996 годзе, на рэфэрэндуме, дзе большасьць іхных суайчыньнікаў на пытаньне: ці хочаце вы ведаць, куды ідуць грошы зь дзяржаўнага бюджэту, адказалі – не. Дзе ўжо там цікавіцца паўнамоцтвамі прэзыдэнта, а тым больш ацэньваць, ці перавысіў ён іх, ці не. Аднак, усё адно не магу ўявіць сабе, каб Лукашэнка ці Паксас паводзілі сябе неяк інакш. Можа быць, прэзыдэнт наогул непатрэбны ў такіх краінах як Літва або Беларусь? Ці дыскутуецца такое пытаньне ў Літве?

(Поклад: ) “У літоўскіх аналітыкаў ня ўзьнікае такога пытаньня, – магчыма, яшчэ ня ўзьнікае. Для постсавецкіх краінаў прэзыдэнт неабходны як цьверджаньне нацыянальнай дзяржаўнасьці. Прэзыдэнт – сымбаль нацыянальнай незалежнасьці, твар дзяржавы у міжнародных дачыненьнях.

Пасьля столькіх месяцаў скандалу звычайныя людзі заяўляюць, што іх засмучае дыскрэдытацыя не канкрэтных асобаў, але іміджу Прэзыдэнта ўвогуле, ад чаго церпіць імідж Літвы.

Што да палітыкаў, дык яны дыскутуюць магчымыя зьмены у Канстытуцыі адносна абмежаваньня прэзыдэнцкіх паўномоцтваў у часе працэдуры імпічмэнту – большасьць, у тым ліку і тыя, хто не падтрымлівае Р.Паксаса – супраць, – бо ставіцца пытаньне пра імідж самой прэзыдэнцкай пасады”.

(Дубавец: ) Паспрабуем зразумець саму мэханіку – як парушае закон і перавышае свае паўнамоцтвы начальнік. Прэзыдэнт краіны – гэта ж таксама начальнік. І ў гэтым сэнсе ён, па вялікім рахунку, нічым не адрозьніваецца ад вахцёра ў студэнцкім інтэрнаце, які пытаецца ў вас, што гэта вы несяце ў левай руцэ, і хто гэта з вамі прыйшоў.

Да прыкладу, у Літве ў часе прэзыдэнцкага скандалу некалькі такіх начальнікаў пазбавіліся сваіх пасадаў. І сярод іх – кіраўнік памежнае службы краіны, які распарадзіўся без чаргі прапусьціць празь мяжу машыну сваёй знаёмай. Уяўляеце сабе выпадак? Начальнік памежнай службы ляціць з пасады за тое, без чаго ў пашыраным уяўленьні ён увогуле ніякі не начальнік. Тым больш, што парушэньня закону ў згаданым выпадку не было – машына прайшла мяжу па ўсіх правілах. Толькі без чаргі.

(Поклад: ) “Насамрэч гэта – працэдурнае парушэньне, злоўжываньне службовым становішчам. Генэрал А.Сангайла звольнены з ўнутранай службы за дыскрэдытацыю свайго званьня і пасады. За тую ж самую пазыцыю, калі кіраўнік лічыць, што яму дазволена ўсё. Уявіце сабе, калі дырэктар школы пойдзе на кухню выпякаць катлеты. Гэта ня толькі працэдурнае перавышэньне паўнамоцтваў, але парушэньне правілаў санітарнага кантролю. Зь іншага боку, нідзе ў Эўропе кіраўнік дзяржаўнай службы аховы мяжы ня будзе прапускаць машыны без чаргі...”

(Дубавец: )... а прэзыдэнт краіны – кансультаваць павітухаў, як ім прымаць роды, або разьбірацца ў прыватызацыі бровара, або браць на сябе функцыі пракурора. Тут, праўда, ёсьць адно “але”. Як паглядзіць на гэта ўсё грамадзтва. Прынамсі, тая ягоная частка, якая ня можа мірыцца з тым, што нейкаму высокаму начальніку “ўсё дазволена”.

Напэўна Літва справіцца са сваім прэзыдэнцкім скандалам. Там ужо сёньня называюць гэты скандал цяжкім, але карысным урокам для краіны і для літоўскага народу – каторая палова грамадзтва акажацца мацнейшай: тая, што марыць пра мінулыя парадкі і лічыць, што начальнік заўсёды мае рацыю, бо ў сілы – права; ці тая, што хоча жыць па-эўрапейску, калі заўсёды мае рацыю толькі закон і ўсе начальнікі мусяць гэты закон выконваць? Зрэшты, Літва ў цэлым выказалася за свой эўрапейскі выбар і ўжо праз два месяцы стане паўнамоцным сябрам Эўразьвязу.

Што да Беларусі, дык... Прэцэдэнт, калі ў 1996-м Вярхоўны Савет у нас ініцыяваў імпічмэнт прэзыдэнту Лукашэнку, ня стаў для нас ані досьведам, ані ўрокам. Бо ўсё рабілася чужымі рукамі – рукамі высокіх расейскіх начальнікаў, дэсантаваных у Менск з Крамля. Таму нашыя цяжкія і карысныя ўрокі чакаюць нас наперадзе. Бо вяртаньню да вяршэнства закону для ўсіх без выключэньня начальнікаў альтэрнатывы няма. Галоўнае, каб, назіраючы сытуацыю ў суседняй Літве, мы празь яе лепей разумелі тое, што чакае ў будучыні нас самых.