МІКОЛА МАРКЕВІЧ — ЦАЛКАМ ВОЛЬНЫ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пратэст супраць суду над супрацоўнікамі “Пагоні” выказалі журналісты, грамадзкасьць, у тым ліку міжнародная. Маральную падтрымку аказалі замежныя дыпляматы, якія прысутнічалі на судзе, а потым наведвалі журналістаў у папраўчых установах. Міколу Маркевіча ўзнагародзілі прэстыжнай прэміяй нямецкага часопіса “Zeit” “За прафэсійнасьць і мужнасьць”.

Апошні год Мікола Маркевіч знаходзіўся на гэтак званых папраўчых работах па месцы жыхарства, у яго ўтрымлівалі 15% заробку на карысьць дзяржавы. А першыя паўгоду ён адбываў пакараньне ў Асіповічах — у папраўчай установе адкрытага тыпу. Мікола Маркевіч гаворыць пра сёньняшнюю падзею ў сваім жыцьці:

(Маркевіч: ) “Гэты дзень для мяне многае значыць. Хаця, я хачу падкрэсьліць, што выраз “на свабоду з чыстым сумленьнем” — гэта не пра мяне, бо я і ў няволю пайшоў з чыстым сумленьнем. Гэтая падзея дазволіць мне, бо я так сам сабе заплянаваў, зьвярнуцца ў суд з касацыйнымі скаргамі на на гэты несправядлівы і незаконны вырак суду Ленінскага раёну Горадні”.

Напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў пракуратура сканфіскавала наклад газэты “Пагоня”. Неўзабаве Вышэйшы гаспадарчы суд зьліквідаваў выданьне. А пазьней судзілі двух супрацоўнікаў “Пагоні”. Суд вызначыў ім пакараньне: Міколу Маркевічу — 2,5 году абмежаваньня свабоды, Паўлу Мажэйку — 2 гады. Праз амністыю тэрмін кожнаму зь іх зьменшылі на адзін год. Сёньня Міколу Маркевічу ўдалося наладзіць выпуск іншага выданьня.

(Маркевіч: ) “Я марыў пра газэту, і гэтая мара зьдзейсьнілася. Я вельмі спадзяюся, што адноўленая калектывам газэты “Пагоня” газэта “День” зойме тую нішу, якую ў інфармацыйнай прасторы краіны займала газэта “Пагоня”, і набудзе новых чытачоў. Якраз у гэты дзень мы рыхтуем сёмы нумар, які выйдзе заўтра — у чацьвер. Мяне вельмі цешыць, што не зважаючы на тое, што нам забаранілі прадаваць газэту ў кіёсках “Белсаюздруку”, газэта ўсё-такі даходзіць да чытача. Нам часта тэлефануюць, да нас прыходзяць, людзі падпісваюцца на газэту”.

Па-ранейшаму штотыднёвік друкуецца ў Расеі ў Смаленску, паколькі ўсе беларускія друкарні адмовілі рэдакцыі. Аднак галоўны рэдактар Мікола Маркевіч спадзяецца, што рана ці позна “День” будзе друкавацца ў Беларусі.