ЗІСЕР: “КАЛІ Ў НАС ПАЧНУЦЦА ТАКІЯ ПРАЦЭСЫ, ПРЫЙДЗЕЦЦА ЗАЧЫНЯЦЬ ФОРУМЫ”

Юры Дракахруст, Прага

У 2002 годзе на форуме “Чорны сьпіс” адзін з наведвальнікаў разьмясьціў паведамленьне, прысьвечанае кампаніі “Тройка-сталь”. Кампанія палічыла, што гэтае паведамленьне ў разьдзеле “Чорны сьпіс” шкодзіць яе дзелавой рэпутацыі й падала ў суд на інтэрнэт кампанію “Мегасофт”, якой належыў сайт.

“Тройка-Сталь” запатрабавала апублікаваць на форуме абвяржэньне, зачыніць сайт і спагнаць штраф з “Мегасофту”.

Справу ўжо разглядалі некалькі інстанцыяў. Спачатку арбітражны суд Маскоўскай вобласьці ў зыску адмовіў. Але “Тройка-сталь” абскардзіла рашэньне суду, і ў верасьні летась суд вынес рашэньне на яе карысьць. “Мегасофт” падаў касацыйную скаргу, але касацыйная інстанцыя Фэдэральнага арбітражнага суду Маскоўскай акругі пакінула рашэньне бяз зьменаў – інтэрнэт-кампанія павінна апублікаваць абвяржэньне і заплаціць грашовую кампэнсацыю.

Гэты прэцэдэнт можа мець вельмі сурьёзныя наступствы. Гаворыць галоўны рэдактар расейскага сайту “Журналіст” Віталь Чэлышаў.

(Чэлышаў: ) “Я ўпэўнены, што форумы часьцяком выкарыстоўваюць і хуліганы, такое здараецца. І спэцслужбы, напэўна, укідваюць нейкую сваю інфармацыю. Форум можа выкарыстаць хто заўгодна. Але гэта ня значыць, што з-за гэтага можна абмяжоўваць свабоду інфармацыі”.

А якая сітуацыя ў Беларусі, ці ёсьць прэцэдэнты падобных зыскаў? Гаворыць кіраўнік кампаніі ТUТ.BY Юры Зісер.

(Зісер: ) “Першая ластаўка – гэта заява дэпутата Хрола , калі ён прапанаваў увесьці падатак на даданую вартасьць з карыстальнікаў мабільнай сувязі, нехта апублікаваў ягоны тэлефон на адным з форумаў, людзі пачалі яму тэлефанаваць і выказваць абурэньне. Тады на пасяджэньні парлямэнту ён запатрабаваў зачыніць гэты сайт і пакараць вінаватых. Але наколькі я ведаю, справа да суду не дайшла і прэцэдэнтаў такога кшталту не было.

Мне цікава, як гэта ў іх атрымаецца. У нас на TUT.BY тысячы форумаў, 8 тысячаў карыстальнікаў і, зразумела, нашыя 10 чалавек мадэратараў ня ў стане прасачыць за ўсім, што пішуць людзі. Тым больш, што калі закранутыя інтарэсы нейкіх камэрцыйных фірмаў, праверыць гэта абсалютна немагчыма. Калі ў нас такія працэсы пачнуцца, відаць, прыйдзецца форумы зачыняць, я ня ведаю, што рабіць”.

Удакладнім, што сайт, які заклікаў зачыніць дэпутат Хрол, – гэта сайт "Хартыя-97". Дарэчы, супрацоўніца менавіта гэтага сайту Натальля Каляда ў лютым летась была асуджаная за сэрыю публікацыяў, разьмешчаных на “Хартыі-97”. Аднак у адрозьненьні ад сытуацыі з расейскай кампаніяй “Мегасофт”, асуджаны быў аўтар тэксту, а не ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу.

Цяпер у Беларусі рыхтуецца новы закон аб мэдыях, які разглядае інтэрнэт, як сродак масавай інфармацыі. Гаворыць кіраўнік ТUТ.BY Юры Зісер.

(Зісер: ) “Сапраўды, пакуль інтэрнэт у гэтым сэнсе нелегальны. І вельмі цікава, якім будзе паняцьце інтэрнэт-СМІ. Тут і ліцэнзаваць будзе вельмі цяжка. Як аддзяліць нацыянальнае мэдыя ад ненацынальнага. Што ў нас будуць YAHOO ці New York Times толькі таму, што беларусы могуць іх чытаць?”

Гэта быў кіраўнік кампаніі TUT.BY Юры Зісер.