ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 9 САКАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Голас Беларуса”, 1924 год:

“Усё часьцей і часьцей прыходзіцца адзначаць факты, якія сьведчаць, што зацікаўленьне беларускім пытаньнем заграніцай усьцяж павялічваецца. Ад часу Вэрсальскай канфэрэнцыі, калі дэлегацыя Ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі пад кіраўніцтвам А.Луцкевіча распачала першыя крокі дзеля пазнаямленьня вялікіх дзяржаваў з нашай справай, зрабіліся на міжнароднай палітычнай арэне вялізарныя перамены… Згэтуль вынікае і цікавасьць да беларускай справы. А асновай такое цікавасьці зьяўляецца вялізарны крок упярод у дзяржаўным будаўніцтве Радавае Беларусі, якая, пасьля пашырэньня яе тэрыторыі, робіцца паметнай сілай у жыцьці СССР, ды адначасна з гэтым усё большы узрост рэпрэсыяў у адносінах да беларусаў пад уладай Польшчы”.

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год:

“Выходзячы з таго, што зацьверджаны плян па вывазцы гною ў раённым разрэзе да ўстаноўленага тэрміну не выканан, што ставіць пад прамую пагрозу выкананьне важнейшай задачы павышэньня ўраджайнасьці ў 1934 годзе, пленум ЦК партыі… лічыць неабходным. 1. Сакратарам РК, начальнікам палітадзьдзелаў зараз-жа, па прыезьдзе на месцы, праверыць ход выкананьня вывазкі гною на палі па калгасах, соўгасах, а таксама па аднаасобнаму сэктару з такім разьлікам, каб у кожным калгасе, соўгасе былі-б выдзелены адпаведныя таварышы… з тым (каб) забясьпечыць такі паварот у гэтай справе, каб безумоўна цалкам выканаць плян да 20 сакавіка”.

“Вечерний Минск”, 1974 год. Зварот ЦК КПСС да савецкіх жанчын:

“Савецкія жанчыны як сваю родную, кроўную справу ўспрынялі рашэньні сьнежаньскага (1973 году) Пленуму ЦК КПСС, задачы гэтага году, выкананьне якіх будзе мець вызначальнае значэньне для пасьпяховага завяршэньня пяцігодкі. У адказ на Зварот Цэнтральнага Камітэту КПСС да партыі, савецкага народу мільёны жанчын уключыліся ва ўсесаюзнае сацыялістычнае спаборніцтва, імкнуцца працаваць сёньня лепш, чым учора. Няхай жа, дарагія жанчыны, ваш сьветлы розум і шчодры талент, вашыя добрыя рукі і надалей служаць усебаковаму росквіту нашай слаўнай Айчыны!”