НЯМЕЦКІЯ ЎЛАДЫ ПРАВЯЛІ ПРАВЕРКІ Ў СВАІХ АМБАСАДАХ У БЕЛАРУСІ Й УКРАІНЕ

Ул. інф.

Паводле матэрыялаў нямецкіх сьледчых, падставай для беспраблемнага пранікненьня гэтай катэгорыі людзей у ФРН ёсьць надзвычай ліберальны загад кабінэту Ёшкі Фішэра адносна выдачы нямецкіх візаў замежнікам.

Звычайнаму законапаслухмянаму грамадзяніну зьезьдзіць у Нямеччыну ня так ужо і проста, хаця ўсё ж прасьцей чым у ЗША ці Вялікую Брытанію. Па-першае, гэты грамадзянін мусіць выстаяць ў чэргах – летам людзі вымушаныя нават начаваць на вуліцах непадалёк ад кансуляту. Ужо адно гэта для нармальнага чалавека ёсьць зьнявагай. Далей, законапаслухмяныя беларускія грамадзяне звычайна ходзяць ў консульскую службу з запрашэньнем. У гэтым запрашэньні –прыватным альбо афіцыйным –павінны быць розныя пячаткі – арганізацыі альбо паліцэйскага ведамства. У тэксьце запрашэньня павінны ўтрымлівацца гарантыі адносна таго, што прымаючы бок аплаціць ўсе выдаткі па ўтрыманьні запрошанага, аплаціць страхоўкі двух ці трох відаў і, нарэшце тое, што запрошаны вернецца назад дадому.

Калі раптам, выпадкова, у запрашэньні адсутнічае адзін з пунктаў –гэтыя пункты зацьверджаныя нямецкім МЗС– запрашэньне лічыцца несапраўдным і гэтак званаму законапаслухмянаму грамадзяніну могуць у візе адмовіць. Тым часам, шлях крымінальнікаў ў Нямеччыну выглядае больш простым. Яны абыходзяцца без запрашэньня, бо ідуць па гэтак званай лініі “Карнэт”.

“Карнэт” – гэта адмысловы страхавы поліс, які для консульства зьяўляецца альтэрнатывай запрашэньню. Тут ня трэба ніякіх дадатковых гарантыяў. Той, хто накіроўваецца ў Нямеччыну плаціць за гэты поліс каля 50 эўра – часам больш, часам менш, у залежнасьці ад тэрміну знаходжаньня ў краіне – і па сутнасьці забясьпечвае сабе візу, праўда кароткачасовую. Але для нелегалаў кароткі тэрмін візы не зьяўляецца праблемай.

Як піша газэта “Бэрлінэр Моргэнпост”, ня так даўно ў Кёльне ў часе судовага працэсу супраць нелегалаў, былі агучаныя сэнсацыйныя рэчы, а менавіта непасрэдная сувязь паміж ростам крымінальнага патоку, страхавым полісам “Карнэт” і візавым загадам Фольмэра.

У сакавіку 2000 году Людгэр Фольмэр, тагачасны адказны чыноўнік кабінэту Фішэра, дзяржаўны сакратар, падпісаў дакумэнт, паводле якога ўсе спрэчныя моманты ў пытаньні выдачы візы вырашаюцца на карысьць выдачы. Як вынікае з артыкулу ў бэрлінскай газэце, нямецкае МУС мае шмат прэтэнзіяў да гэтага лібэральнага загаду, які ўсё яшчэ дзейнічае.

Паводле нямецкага друку, ва Ўкраіне, дзе паток крымінальнікаў у заходнія краіны набыў надзвычайныя памеры, выдача візаў па лініі “Карнэт” прыпыненая. У Беларусі такі страхавы поліс па-ранейшаму дзейнічае. Паводле назіральнікаў, калі “Карнэт” будзе прыпынены і ў Беларусі, то гэта зноў жа адаб’ецца і на законапаслухмяных грамадзянах, тых, якія ня маюць блізкіх знаёмых ў Нямеччыне, а таму зьбіраюцца на захад самастойным шляхам. Што да крымінальнікаў, то яны напэўна знойдуць іншыя магчымасьці для пранікненьня ў Нямеччыну.