У ТУРКМЭНІСТАНЕ ПІШУЦЬ КНІГІ ДЛЯ АДНАГО ЧЫТАЧА

Алена Ціхановіч, Прага

Рахім Эсенаў напісаў трылёгію пра гістарычную постаць палкаводца і паэта Байрам Хана, які жыў пяцьсот гадоў таму. Паколькі аўтар, які зьяўляецца народным пісьменьнікам Туркмэністану, нейкі час таму пад сваім уласным прозьвішчам стаў супрацоўнічаць са “Свабодай”, выдаць сваю кнігу на радзіме ён ня змог. Кніга выйшла па-расейску ў Маскве.

(Эсенаў: ) “Я знайшоў у Маскве спонсара, зь ягонай дапамогай выдалі кнігу, што каштавала 9 тысячаў даляраў. Іншы фундатар даў паўтары тысячы даляраў, каб пераправіць кнігу ў Туркмэністан”.

Эсенава пачалі падазраваць у кантрабандзе. 23 лютага зь ім здарыўся інсульт, а праз пару дзён проста з рэанімацыі яго забралі ў сьледчы ізалятар КГБ. Хворы пісьменьнік, якому 78 гадоў, знаходзіцца там і дагэтуль. Артыкул абвінавачаньня перакваліфікаваны на больш сур’ёзны – распальваньне сацыяльнай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы.

Тым часам з-за кратаў азваўся яшчэ адзін вядомы вязень – Барыс Шыхмурадаў, былы дыплямат і міністар замежных справаў, журналіст з маскоўскай адукацыяй. Кніга, якая выйшла ў Ашхабадзе пад яго прозьвішчам, называецца “Я і мае памочнікі-тэрарысты”.

Аўтар абяцае расказаць ўсю праўду аб правядзеньні пазалеташняга тэракту ў Ашхабадзе на прэзыдэнта краіны Сапармурата Ніязава. Адказным за змову і спробу замаху тады прызналі Шыхмурадава. Яму быў вынесены сьмяротны прысуд, пазьней заменены на пажыцьцёвае зьняволеньне. Аўтар робіць такое самавыкрыцьцё: “Валасы ўстаюць дыба, калі раскрываюцца нашыя бандыцкія сакрэты і выяўляецца нашая зьвярыная сутнасьць”.

І далей: “Мы, бандыты, па сваім інтэлектуальным узроўні проста карлікі ў параўнаньні з магутным геніем Сапармурата Туркмэнбашы Вялікага”.

Расейскі журналіст Аркадзій Дубноў, які асабіста быў знаёмы з Шыхмурадавым, зьвяртае ўвагу на тое, што такі стыль выказваньняў не адпавядае характару, узроўню і адукацыі гэтага чалавека:

(Дубноў: ) “Пра лёс самога Шыхмурадава ніхто нічога ня ведае з канца сьнежня 2002 году, калі яго дэманстравалі ў відэазапісе, дзе ён даваў так званыя прызнавальныя паказаньні. Было больш чым відавочна, што гэтыя паказаньні ён зрабіў пад уздзеяньнем псыхатропных сродкаў”.

Па зьвестках Дубнова, ад таго часу ні родныя, ні адвакаты, ні міжнародныя назіральнікі ня бачылі аўтара ні жывым, ні мёртвым.

(Дубноў: ) “Чалавек знаходзіцца ў турме. Ну дайце фатаграфію, як ён піша за пісьмовым сталом, седзячы каля парашы. Няма.”

Кніга з прызнаньнямі Шыхмурадава выйшла накладам 1000 асобнікаў, аднак, вялікага попыту яна не мае: жыхары Туркмэністану наўрад ці змогуць купіць кніжку па цане прыблізна 15 даляраў. Аркадзій Дубноў лічыць, што твор выдадзены дзеля адзінага чытача:

(Дубноў: ) “Відавочна, кніга, як у свой час газэта “Правда “ друкавалася для Ўладзімера Ільіча і адсылалася яму ў Горкі – яна друкавалася ў адным экзэмпляры, каб ён змог прачытаць там тое, што яму падабалася. Так і гэтая кніжка напісаная для аднаго чытача, які яе прачытаў і дазволіў надрукаваць крыху больш – бо без яго візы яна б была немагчымая – і гэта увесь узровень гэтага чытача, гэтага пісьменьніка, гэтага правадыра”.

У 1999 годзе парлямэнт Туркмэністану прыняў рашэньне, паводле якога прэзыдэнт Сапармурарт Ніязаў на гэтай пасадзе змог заставацца пажыцьцёва. Аднак Ніязаў заяўляе, што праз год-два можна будзе абмеркаваць магчымасьць выбараў, а выбары правесьці паміж 2008 –2010 гадамі, калі яму споўніцца 70.

Альтэрнатыўныя, ці незалежныя крыніцы інфармацыі ў Туркмэністане папросту не існуюць. Радыё Свабода зьяўляецца адной з такіх замежных крыніцаў. Яе праграмы гучаць па-туркмэнску 6 гадзін на дзень на кароткіх і сярэдніх хвалях.

Адзіны афіцыйна зарэгістраваны карэспандэнт Свабоды ў Ашхабадзе фактычна знаходзіцца пад хатнім арыштам – любое яго зьяўленьне на вуліцы ці ў публічным месцы можа скончыцца затрыманьнем.

Паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”, Туркмэністан па стану свабоды слова знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у сьвеце. Летась ён быў зьмешчаны на 136 месца. З краінаў СНД найбольш блізка знаходзіцца Беларусь – на 124-м месцы.