“БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ СТРОІ” МІХАСЯ РАМАНЮКА

Валянціна Аксак, Менск

Заля менскага касьцёлу сьвятога Роха, у якой увечары 3 сакавіка прэзэнтаваўся альбом “Беларускія народныя строі”, была поўная. Публіку складалі пераважна мастакі, мастацтвазнаўцы, журналісты. Але былі заўважаныя і супрацоўнікі акрэдытаваных ў Менску замежных амбасадаў, і сябры элітных бізнэсовых клюбаў, і высокапастаўленыя чыноўнікі.

Імпрэзу распачалі велічныя гукі аргану і аўтэнтычныя народныя сьпевы фольк-гурту “Госьціца”. І гэта не здалося выпадковым на прэзэнтацыі альбому, прысьвечанага народнай вопратцы. Этнографы лічаць, што пасьля мовы народнае адзеньне — найбольш важная этнічная прыкмета. Вякамі створаны народны строй цалкам адпавядаў таму эстэтычнаму ідэалу прыгажосьці, які выяўляўся і ў народных мэлёдыях, у гуках касьцельных арганаў. Іхнае пачароднае гучаньне на імпрэзе падкрэсьлівала арганічную спалучанасьць будзённага і сьвяточнага ў жыцьці народу. Гэткі ж прынцып кампазыцыі народных строяў з усіх рэгіёнаў краіны вытрыманы і ў альбоме.

Народная вопратка беларусаў была навукова сыстэматызаваная прафэсарам Міхасём Раманюком упершыню ў гісторыі Беларусі. І выдадзеная асобным альбомам таксама ўпершыню — што і выклікала вялікую цікавасьць да выданьня самае размаітае публікі. У ліку якое былі на прэзэнтацыі й фундатары выданьня — прадстаўнікі некалькіх бізнэсовых структураў. Дзяржава ні пры жыцьці аўтара, ні цяпер не паклапацілася пра выданьне ягонай унікальнае навукова-творчае спадчыны.

Міхасю Раманюку напачатку году споўнілася бы 60. Як выказаўся на прэзэнтацыі ягоны сын Дзяніс, чыёй рупнасьцю выдадзены яшчэ адзін унікальны альбом Міхася Раманюка “Беларускія народныя крыжы”, звычайна ў дзень народзінаў імяніньніку дораць падарункі, а тут ён усім сваім гасьцям падарыў адзін падарунак на ўсіх.