ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 3 САКАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1914 год. Юры Верашчака пра беларускую літаратуру:

“Адзін геніяльны твор напісаны па беларуску можэ даць славу і нашаму народу! І мы павінны кіравацца да гэтаго. Во гэты доўг мы маем перэд сваім народам, каторы павінны сплаціць. Чытаючы і перачытываючы беларускую літэратуру, знаходзім у ей многа цэннаго: і хвалюючые думы, і дэлікатные ды гучные перэжываньня, і цікавые літэратурные формы, але не знаходзім шуканьня новых праўд, новых дарог. Есць хворые, калекіе тыпы, аджываючые і аджыўшые, але німа тыпу чэлавека будучыні… Мы павінны шукаць і знайсці новы шлях і паказаць яго тым, што дагэтуль па горах ходзючы не бачыць сонца”.

“Сталинская молодежь”, 1954 год. Ліст студэнта Жыліцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму В.Смоляра:

“Умовы, у якіх мы жывём, не дазваляюць нармальна вучыцца. Многія студэнты кладуцца спаць, не распранаючыся, а раніцай ня могуць памыцца. Таму што вада ва ўмывальніках і вёдрах замёрзла. Складзеныя невядома калі печы дымяць і ня грэюць. Ужо больш за месяц у нашым тэхнікуме мяняюць электраправодку, таму ў інтэрнаце няма і сьвятла. Газавых лямпаў — адна на два пакоі. Хочацца запытацца, калі адміністрацыя нашага тэхнікуму створыць нармальныя ўмовы для жыцьця і вучобы студэнтаў?”

“Могилёвские ведомости”, 1994 год. Ягор Рыбакоў выкрывае хітрыкі размаітых начальнікаў:

“Мэта тут адна — высьветліць яшчэ адну важную праблему пры прыватызацыі, якая ў асноўным датычыць кіраўнікоў. Збудаваўшы свае шыкоўныя дамы ў часы нізкіх коштаў ды яшчэ за грошы ўласных установаў, яны цяпер імкнуцца зрабіцца ўласьнікамі. Нармальнае жаданьне. Аднак чаму ў дурнях зноў застаецца дзяржава?.. З гэтай прычыны, напэўна, і жывём мы дрэнна, што рознага кшталту чыноўнікі законы выдумляюць пад сябе, каб самім жылося лепш, ды народам было зручней кіраваць”.