ПА ДОКТАРА НАВУК – У ІТАЛІЮ

Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: беларускія дактаранты Ігар і Юры з Трыесту (Італія)

Адвечнаму імкненьню беларусаў да адукацыі ня могуць перашкодзіць сёньняшнія праблемы беларускага грамадзтва. У сытуацыі, калі беларуская дзяржава недастаткова клапоціцца пра тое, каб задаволіць патрэбы моладзі ў прафэсійнай адукацыі, беларуская моладзь уласнымі сіламі знаходзіць шляхі да ведаў.

Нашы сёньняшнія госьці – Ігар і Юры, якія цяпер навучаюцца ў італьянскім горадзе Трыест. На іхную просьбу будзем называць хлопцаў толькі па імёнах.

Ігар і Юры адначасна вучыліся на хімічным факультэце БДУ, атрымалі прафэсію хімік-фармацэўт. Абодва хацелі навучацца далей і пачалі шукаць магчымасьці для гэтага. Першаму пашанцавала Ігару.

(Ігар: ) “Я знайшоў праз інтэрнэт лябараторыю ў Італіі, напісаў туды ліст і мне адказалі, што я магу туды прыехаць і вучыцца. Пры унівэрсытэце ёсьць біяхімічны факультэт, там ёсьць лябараторыя”.

У тым жа унівэрсытэце потым знайшоў для сябе мейсца і Юры.

(Юры: ) “Я знайшоў лябараторыю, якая працавала з той жа самай тэмаю, над якой працаваў я ў Беларусі – а гэта бактэрыяльныя полісахарыды. Ёсьць хваробы, якія зьвязаныя з тым, што бактэрыі селяцца ў лёгкіх і выдзяляюць у лёгкія рэчывы. якія называюцца полісахарыды. Гэта цукар, які мае вялікую вагу і вельмі небясьпечны для арганізму. Бактэрыі як бы пакрываюцца ім, і іх не ўдаецца забіць антыбіётыкамі. Вось я вывучаў гэтыя полісахарыды. Мне, яшчэ як і фармацэўту, было цікава працягнуць навучаньне ў гэтым кірунку”.

Юры так адказаў на маё пытаньне, чаму ён ня стаў паступаць у асьпірантуру ў Беларусі, якая была патрэба ехаць у замежжа?

(Юры: ) “Можна было працягнуць на Радзіме, пайсьці ў асьпірантуру вучыцца, але я шукаў, каб можна было вучыцца на больш высокім узроўні. У нас вельмі высокі узровень адукацыі, але, на жаль, толькі тэарэтычны, практычнага узроўню амаль што няма. У нас няма абсталяваньня, на якім можна было б навучыцца працаваць сучаснымі мэтадамі, якімі карыстаюцца навукоўцы ва ўсім сьвеце”.

Тыя ж самыя матывы былі і ў Ігара.

(Ігар: ) “На жаль, у Беларусі няма сродкаў, абсталяваньня, каб выконваць навуковую працу. Трэба набірацца вопыту на Захадзе, а потым шукаць інвэстыцыі ў Беларусь, каб можна было працаваць і рабіць гэту навуковую працу”.

Недастатковае фінансаваньне адукацыі і навукі ў Беларусі стварае сытуацыю, пры якой студэнтам цяжка набыць практычныя веды ў тых галінах, якія патрабуюць тэхнікі і матэрыялаў.

Вопыт Ігара і Юрыя сьведчыць пра тое, што выйсьце тут можа быць у тым, каб практыкавацца ў замежжы.

Як гэта робіцца канкрэтна? Вось што распавёў спадар Юры пра свой шлях у Італію пасьля таго, як ён знайшоў ў інтэрнэце зьвесткі пра патрэбную яму лябараторыю.

(Юры: ) “Паспрабаваў зьвязацца з прафэсарам, які кіраваў гэтай лябараторыяй, і далей усё пайшло, узьнікла перапіска між намі. У выніку ён запрасіў мяне ў сваю лябараторыю выконваць гэтую навуковую працу. Канечне, патрабаваліся рэкамэндацыі, патрабаваліся дакумэнты аб атрыманьні вышэйшай адукацыі, пра ўсе дысцыпліны, якія я вывучаў. Ён павінен быў бачыць, ці патрэбен яму такі спэцыяліст, як я . Я скончыў БДУ з чырвоным дыплёмам. У сувязі з тым, што ў мяне былі добрыя адзнакі і яму патрэбен быў навуковы супрацоўнік, я яму падышоў і ён мяне запрасіў”.

Такім самым парадкам запрасілі і спадара Ігара. Гэтае запрашэньне азначала, што хлопцы атрымалі магчымасьць працаваць у лябараторыі і адначасна выконваць навуковую працу для атрыманьня навуковай ступені доктара навук. Ці трэба плаціць за дактарантуру?

(Ігар: ) “За гэта трэба плаціць адну тысячу эўра ў год. Але гэта аплачвае італьянскі бок”.

Унівэрсытэт мае праграмы, якія дазваляюць выдзяляць грошы для навучэнцаў з іншых краінаў. З гэтых сродкаў плаціцца за вучобу, кватэру, харчаваньне , набыцьцё падручнікаў. Аднак расходы на дарогу да Італіі аплачвае сам дактарант. Ці хапае ім стыпэндыі?

(Юры: ) “Я думаю, што можна абысьціся гэтымі грашыма”.

(Сурмач: ) “Ці не было перашкодаю для вашага прыёму на вучобу тое, што вы не ведалі італьянскай мовы, ці былі прапанаваныя нейкія курсы для вас?”

(Юры: ) “Не, фактычна, ва ўсіх унівэрсытэтах Эўропы размаўляюць па-ангельску, гэта не было перашкодаю. Курсаў ніякіх не было, павінен быў вывучаць тое, дзеля чаго прыехаў, а ня мову. Не было часу хадзіць на курсы. Давялося вучыць мову самому па вечарах”.

(Сурмач: ) “Як да Вас ставяцца ў лябараторыі італьянцы, зь якімі працуеце?”

(Юры: ) “Калектыў вельмі добры, італьянцы вельмі цудоўныя людзі, больш падобныя да нас, чым усе іншыя эўрапейцы, больш кантактныя. У гэтым сэнсе дастаткова лёгка”.

(Сурмач: ) “З вашых назіраньняў, як ставіцца да адукацыі італьянская моладзь, наколькі папулярная вышэйшая адукацыя?”

(Юры: ) “У іх таксама, як і ў нас, шануецца адукацыя, але, тут ня ўсе сем'і здольныя адукаваць сваіх дзяцей, бо ў іх платная адукацыя. і калі сям' я мае двух-трох дзяцей, ім цяжка кожнаму даць адукацыю”.

А якія умовы існуюць для паступленьня замежных студэнтаў ва унівэрсытэты Італіі? Наша даведка.

Для паступленьня ў італьянскі унівэрсытэт неабходна:

- Мець сярэднюю адукацыю плюс 1-2 гады навучаньня ў вышэйшай навучальнай установе ў сваёй краіне;
- Здаць іспыт на валоданьне італьянскай мовай;
- Здаць уступны экзамэн па профільнай дысцыпліне;
- Падаць заяву ў італьянскую амбасаду;
- Падаць дакумэнт аб тым, што вы здольныя плаціць за навучаньне – навучаньне ў італьянскіх унівэрсытэтах каштуе ад 500 да 1500 эўра ў год;
- Можна абраць для паступленьня толькі адну ВНУ.

Нагадаем, што мы размаўляем з гасьцямі нашай сёньняшняй перадачы пра навучаньне не студэнтаў, а дактарантаў. Вернемся жа да размовы з Ігарам і Юр’ем. Тэрмін іхнай вучобы ў Італіі – 3 гады. Што яны плянуюць рабіць далей?

(Ігар: ) “Пасьля трэба яшчэ набрацца досьведу ў іншых краінах, а потым жадаю вярнуцца ў родную краіну і ёсьць жаданьне выкладаць хімію і біяхімію ў сваім унівэрсытэце”.

(Сурмач: ) “А застацца ў Італіі вы не зьбіраецеся? Кажуць, што біёлягаў зь Беларусі ахвотна бяруць на працу ў замежжы, ці вам не прапануюць?”

(Ігар: ) “Не прапануюць, бо тут у Эўропе і ў Італіі вельмі цяжка застацца працаваць, дый таксама ў мяне няма такой мэты. У 21 стагодзьдзі гэтыя прафэсіі вельмі пэрспэктыўныя і нашая адукацыя вельмі паважаецца. Акрамя таго, калі цяпер так шмат хваробаў, як СНІД, рак, бактэрыяльныя хваробы, то вучыцца ў гэтых кірунках біяхімічных вельмі важна, каб знайсьці тыя сродкі, якія дапамогуць змагацца з гэтымі хваробамі. Я працую якраз-ткі ў адным з такіх кірункаў, я вывучаю антыбіётыкі будучага пакаленьня”.

(Сурмач: ) “Сп. Юры вучыцца другі год. Якія вы маеце пляны на будучыню?”

(Юры: ) “Хацелася б навучыцца яшчэ нечаму ў гэтай галіне, даведацца нешта новае, больш складанае, хацелася б ісьці далей у гэтым кірунку. Далей, я думаю, дапаможа тое, што ў мяне будзе навуковая ступень заходняга эўрапейскага унівэрсытэту, калі я буду шукаць іншую лябараторыю”.

(Сурмач: ) “Якая ваша мэта: працаваць у замежжы ці вярнуцца на Бацькаўшчыну?”

(Юры: ) “Я хацеў бы дасягнуць усяго, чаго магу дасягнуць у сэнсе навукі, дасягнуць максымуму і, напэўна, вярнуцца на Бацькаўшчыну. Людзі зь ведамі заўсёды патрэбныя дома. Калі б было мейсца, дзе можна было б працаваць на дастаткова высокім узроўні, я б нават не думаючы вярнуўся на Радзіму. Я хацеў бы вярнуцца ў родны унівэрсытэт, магчыма, выкладаць”.