Я — БЕЛАРУС, І ТЫМ ГАНАРУСЯ

Валянціна Аксак, Менск

Літаратурна-мастацкі Міжнародны дзіцячы конкурс пад такім назовам ладзіла згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” напрыканцы мінулага году. Арганізатары заклікалі юных ўдзельнікаў паразважаць над тым, што азначае для іх прыналежнасьць да нацыі, імя якое носіць краіна Беларусь. Яны лічаць, што гэта вельмі важна для сёньняшняй Беларусі, у якой нацыянальна-культурнае адметнасьці не заахвочваюцца на дзяржаўным узроўні. Адсюль і назва, якую, дарэчы, прапанаваў Янка Запруднік, знаны навуковец Злучаных Штатаў Амэрыкі і чынны сябра згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. 25 пераможцаў літаратурнае часткі конкурсу былі вызначаныя раней, і іхныя творы выдрукаваныя асобнаю кнігай, а 45 малюнкаў пераможцаў склалі экспазыцыю выставы, што адчынілася ўвечары 1 сакавіка ў музэі Максіма Багдановіча.

Наагул у конкурсе бралі ўдзел болей за 300 дзяцей. Пераважная бальшыня іх з розных рэгіёнаў Беларусі, але на конкурс прыслалі свае малюнкі і дзеці беларусаў з Польшчы, Літвы і Расеі ад 7 да 14 гадоў.

Дарэчы, адной з мэтаў конкурсу было высьветліць, у якім узросьце ў дзяцей абуджаецца пачуцьцё нацыянальнае прыналежнасьці. Як сказаў у інтэрвію нашаму радыё кіраўнік інфармацыйнага аддзелу “Бацькаўшчыны” Зьміцер Сасноўскі, творы канкурсантаў паказалі, што недзе ў 11–12 гадоў дзеці пачынаюць адчуваць, што іхны ўнутраны мастацкі і духоўны сьвет супадае з рысамі той этнічна-культурнае супольнасьці, да якой прыналежаць іхныя бацькі, і прачынаецца любоў да ўсяго, што ўвасобілася ў паняцьце “радзіма”. Дзеці з захапленьнем малююць родныя краявіды, архітэктурныя помнікі, сюжэты народных паданьняў і партрэты гістарычных асобаў — пра што яны й самі прызнаваліся на ўрачыстым адкрыцьці выставы. І вось менавіта ў гэтым узросьце дзеці павінны яшчэ і зразумець, як выказаўся на адкрыцьці выставы кіраўнік конкурснага журы знаны мастак Алесь Марачкін, важнасьць літары і з кропачкай у сваіх подпісах пад малюнкамі. Чаму і спрыяюць падобныя конкурсы.

Праводжаны конкурс быў ужо чацьвертым конкурсам “Бацькаўшчыны”, якія праводзіць згуртаваньне ў шэрагу імпрэзаў для дзяцей. І, як паведаміла на адкрыцьці выставы старшыня згуртаваньня Алена Макоўская, хутка будзе абвешчаны новы.