Паводле лідэраў найвялікшай апазыцыйнай партыі ў польскім Сэйме “Грамадзянская плятформа”, плян аздараўленьня дзяржаўных фінансаў, падрыхтаваны віцэ-прэм’ерам Польшчы Ежы Хаўзнэрам, прадугледжвае толькі нязначнае зьмяншэньне выдаткаў на дзяржаўны апарат, у той час як увесь цяжар рэформы перакладаецца на падткаплацельшчыкаў. Апазыцыя ўпэўненая, што краіна патрабуе ў гэтай справе больш радыкальных захадаў, бо ў адваротным выпадку Польшчу можа чакаць гэтак званы “аргэнтынскі варыянт”.
Гаворыць прафэсар эканомікі Зіта Гілёвска – прадстаўнік партыі “Грамадзянская плятформа”.
(Гілёвска) “Мы негатыўна ацэньваем запрапанаваны ўрадам плян і ня бачым ніякіх прычынаў, каб гэты плян падтрымліваць. З дапамогай пляну габінэт Міллера толькі спрабуе палепшыць свой імідж. Нам няма пра што размаўляць”.
Кіраўнічы “Саюз Левых дэмакратаў” разам з кааліцыйнай “Уніяй працы” ужо ня мае ў Сэйме большасьці, таму пазыцыя “Грамадзянскай Плятформы” – другой паводле велічыні парлямэнцкай фракцыі – была для габінэту Лешка Міллера вельмі істотнай.
Прэм’ер шмат разоў заяўляў, што калі плян аздараўленьня дзяржаўных фінансаў ня будзе ўхвалены, ягоны ўрад пойдзе ў адстаўку, і адбудуцца датэрміновыя выбары, чаго ўжо даўно дамагаецца апазыцыя.
(Туск) “Урад Лешка Міллера павінен пайсьці ў адстаўку. Ужо цяпер левых падтрымліваюць толькі 10% палякаў. Кожны месяц працы гэтага габінэту прыносіць краіне страты”, – заявіў адзін зь лідэраў “Грамадзянскай Плятформы” Доналд Туск.
На сёньняшнія палітычныя падзеі ўжо адрэагавалі фінансавыя рынкі – даволі значна падаражэлі даляр і эўра. Варта адзначыць, што гэта выгодна для беларускіх прадпрымальнікаў, якія прыязджаюць у Польшу па тавар.
І яшчэ адзін беларускі аспэкт гэтай справы. Польскія правыя, якія цяпер знаходзяцца ў апазыцыі, але ў выпадку датэрміновых выбараў непазьбежна прыйдуць да ўлады, амаль адзінадушна заяўляюць, што палітыка Варшавы ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам павінна быць жорсткай, а польскі бок мусіць больш актыўна падтрымліваць правядзеньне дэмакратычных рэформаў у Беларусі.