КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

1 сакавіка 1881 году беларускі тэрарыст Ігнат Грынявіцкі кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ. Бомба разарвалася, загінулі абодва, цар і ягоны забойца. Праўда, адбылося гэта не адразу. Першая бомба, якую кідаў паплечнік Грынявіцкага Мікалай Рысакоў, толькі пашкодзіла царскую карэту. Тэрарыста схапілі, цар выйшаў з карэты, каб даведацца, што адбылося. Вось тут да яго і наблізіўся Грынявіцкі, які кінуў сваю бомбу проста пад царавы ногі. У кароткіх энцыкляпэдычных даведках звычайна не ўдакладняецца, што падчас гэтага тэракту загінулі яшчэ два чалавекі, а шасьцёра засталіся калекамі на ўсё жыцьцё.

1 сакавіка 1933 году пакінуў гэты сьвет адзін зь любімых беларускіх паэтаў, Уладзімер Жылка. Памёр паэт у сталінскай ссылцы і пахаваны ў далёкім расейскім горадзе Уржум.

Дарэчы, менавіта 1 сакавіка ў 1922 годзе ў савецкай рэпрэсіўнай сыстэме, што дзейнічала тады ў Беларусі, адбыліся знакавыя перамены. Замест скасаванай надзвычайнай камісіі – ЧК БССР – была створаная дзяржаўная палітычная ўправа – ГПУ БССР. У 1934 годзе ГПУ перадасьць эстафэту тэрору наступнай установе – НКВД БССР.

1 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет найвялікшы польскі кампазытар Фрэдэрык Шапэн і клясык японскае літаратуры Акутагава Рунаскэ.