ШТО ДУМАЮЦЬ СТУДЭНТЫ БДУ ПРА ЎВЯДЗЕНЬНЕ ЛЬГОТАЎ ДЛЯ ВЯСКОЎЦАЎ?

Ганна Соусь, Менск

Аляксандар Лукашэнка падчас учорашняй нарады, аналізуючы зьвесткі пра сацыяльнае паходжаньне студэнтаў, назваў БДУ ўнівэрсытэтам выключна для менчукоў і дзяцей з блізкіх да гораду раёнаў. Ён заявіў, што для выпускнікоў вясковых школ будуць уведзены ільготы ня толькі пры паступленьні, але і на пачатковым этапе навучаньня ў ВНУ. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту паставіліся да гэткай пэрспэктывы наступным чынам:

(Студэнт: ) “Калі ён выступаў, сярод яго выказваньняў была такая фраза, што ўсе дзеці роўныя, а мы адсякаем ад вышэйшай адукацыі самую стабільную, самую кансэрватыўную частку нашага грамадзтва. Я лічу, што ён сказаў зусім супрацьлеглае ўсяму астатняму. Гаворыць, што трэба падвышаць узровень вышэйшай адукацыі, і ў той жа час, што ўсе дзеці роўныя, а мы павінны адных роўных рабіць раўней за іншых. Я лічу, што кожны павінен атрымліваць адукацыю паводле сваіх магчымасьцяў”.

(Студэнт: ) “Трэба падвышаць узровень адукацыі ў сярэдніх школах, каб сельскія вучні ўжо падрыхтаваныя прыходзілі ў ВНУ”.

(Студэнт: ) “У ВНУ складаней рабіць нейкія разьмежаваньні паміж гарадзкімі й сельскімі навучэнцамі. Я лічу, што трэба ў сельскай мясцовасьці ўтвараць ліцэі або гімназіі, каб ва ўнівэрсытэце ўсе былі ўжо роўныя”.

(Студэнтка: ) “Дастаткова, што пры паступленьні ім даюць ільготы. А на першым курсе студэнт можа сам засвоіць праграму навучаньня і ніякіх ільготаў больш не патрабуецца”.

(Студэнтка: ) “Якая розьніца, адкуль чалавек, важна, што ён будзе ўяўляць зь сябе потым. Калі чалавек зь сельскай мясцовасьці будзе атрымліваць ільготы падчас навучаньня, у яго будзе такі ж самы дыплём, але гэта будзе ўжо ня той дыплём. Нават працадаўцу давядзецца даведвацца, адкуль ён. Мы роўныя ў правах. У нас кампутарызаваны інтэрнат, доступ да розных рэсурсаў аднолькавы”.

(Студэнтка: ) “Неістотна, дзе ты навучаўся ў вёсцы ці ў горадзе. Калі ты маеш розум, то не патрэбныя гэтыя паслабленьні”.

(Студэнт: ) “Я нэгатыўна стаўлюся. У сельскай мясцовасьці вельмі дрэннае навучаньне, і гэта неадэкватнае рашэньне нашага прэзыдэнта”.

Гэта былі меркаваньні студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. А вось што думаюць пра ўвядзеньне паслабленьняў для вяскоўцаў падчас паступленьня й вучобы выкладчыкі БДУ.

(Выкладчык: ) “Станоўча, бо мы маем добры прыклад, аб якім сёньня казаў рэктар Стражаў на вучонай радзе. Такі ж прыклад ёсьць у ЗША, дзе Кангрэс прыняў закон, каб падтрымаць выхадцаў зь сельскіх мясьцінаў. Вядома, у нацыянальным унівэрсытэце павінны быць прадстаўленыя ўсе пласты нашага грамадзтва”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі сярод выкладчыкаў БДУ выхадцаў зь сельскай мясцовасьці?”

(Выкладчык: ) “Усе мы. Я думаю, што ўсе мы маем карані ў сельскай мясцовасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “А льготы мелі ў свой час?”

(Выкладчык: ) “Як усе грамадзяне вялікай краіны Савецкага Саюзу”.

(Выкладчыца: ) “Каб бацькі маглі нармальна працаваць, тады будуць нармальна жыць дзеці зь вёскі й з гораду. Нельга людзей разьдзяляць на групы толькі паводле сельскай ці гарадзкой прыкметы”.

(Выкладчык: ) “З 1990-х гадоў зь вёскі паступала 2-3 абітурыенты. Калі я вучыўся, зь вёскі паступала 40-60 адсоткаў. А цяпер ніхто. Прыкладам на факультэт прыкладной матэматыкі летась толькі 3-4 чалавекі паступіла. Гэта дзеці старшыняў калгасу і бухгальтараў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці будуць мець плён паслабленьні пры паступленьні й навучаньні?”

(Выкладчык: ) “А хто сказаў, што іх будуць рабіць. Гэтыя паслабленьні ніхто ня будзе рабіць. Гэта казка, палітычная гульня, каб падняць імідж”.

Гэта былі меркаваньні выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.