Вера Страмкоўская ўспамінае з асабістага досьведу.
(Страмкоўская: ) “Мне заўсёды высылаюць на мой хатні адрас рашэньні эўрапейскага суду правоў чалавека. Гэта такія вялікія капэрты, падпісаныя ангельскай мовай. І заўсёды гэтыя капэрты альбо адкрытыя цалкам, альбо надарваныя. Па краі ці яшчэ дзе. Заўсёды”.
Адвакатка Вера Страмкоўская заклапочаная рэгулярным умяшаньнем беларускай дзяржавы ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў краіны. У прыватнасьці, Вера Страмкоўская мае прэтэнзіі да дзяржавы за пранікненьні ў прыватную карэспандэнцыю. Прычым, з досьведу праваабаронцы яна ведае, што такія прэтэнзіі маюць ужо ня толькі вядомыя палітыкі, але і паспалітыя грамадзяне.
У Цэнтры правоў чалавека, якім кіруе Вера Страмкоўская, гэтыя скаргі зафіксаваныя. Канечне, звычайныя людзі ня могуць сьцьвярджаць з пэўнасьцю, што іхную пошту праглядалі з палітычных матываў, а ня проста шукаючы грошы ці іншыя каштоўнасьці. Але што да карэспандэнцыі з эўрапейскіх структураў, то відавочна, што яе кантралююць паводле загаду зьверху, у гэтым перакананая Вера Страмкоўская. Яна ўважае гэта парушэньнем правоў, што гарантаваныя Канстытуцыяй краіны і цытуе 28 артыкул Асноўнага закону:
“Кожны мае права на абарону ад умяшаньня ў яго асабістае жыцьцё, у тым ліку ад замаху на таямніцу ягонай карэспандэнцыі, тэлефонных ды іншых паведамленьняў”.
Паводле закону, магчымасьці ўмяшаньня ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў вельмі абмежаваныя. Вера Страмкоўская іх пералічвае:
(Страмкоўская: ) “Толькі ў выпадку, калі ў крымінальнай справе ёсьць санкцыя на гэта пракурора, альбо праводзяцца нейкія апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы і пазначаны тэрмін, калі пра гэтыя мерапрыемствы трэба паведаміць пракурору. Гэта ўсё прадугледжана крымінальна-працэсуальным кодэксам”.
Між тым гэтыя патрабаваньні закону ў Беларусі могуць лёгка быць праігнараваныя. Пра гэта, дзеля прыкладу, сьведчыць гісторыя, пра якую раскажа наш гарадзенскі карэспандэнт Сяргей Астраўцоў.
(Астраўцоў: ) “Калядныя сьвяты ўжо пасьпелі забыцца, а вось гарадзенец Валеры Леванеўскі, адзін з заснавальнікаў эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”, дагэтуль мае праблемы зь віншаваньнем, якое ён даслаў украінскім дыпляматам”.
(Леванеўскі: ) “Я быў выкліканы супрацоўнікамі міліцыі ў аддзел грамадзкай бясьпекі Ленінскага РАУС для дачы тлумачэньняў. На месцы мне прад’явілі мой ліст, адрасаваны ў консульскі аддзел амбасады Ўкраіны, у якім я віншую з Новым годам, з Калядамі”.
Дазволім сабе працытаваць гэты ліст сп. Леванеўскага: “Паважаныя супрацоўнікі дыпляматычнай місіі! (...) Вашая падтрымка патрэбная народу Беларусі ў нялёгкай барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю. Досьвед разьвіцьця чалавецтва сьведчыць пра вялізны ўплыў сусьветнай супольнасьці на справу ліквідацыі дыктатарскіх рэжымаў. Спадзяемся, што з Вашай дапамогай Беларусь зойме сваё годнае месца ў сусьветнай супольнасьці як незалежная, квітнеючая і дэмакратычная краіна”.
Трэба сказаць, што спадар Леванеўскі прыклаў да віншаваньня свае незарэгістраваныя бюлетэні “Факел Прометея” і “Предприниматель”. У міліцыі і на гэта пытаньні знайшліся: дзе і як выпускаліся бюлетэні?
(Леванеўскі: ) “Мне паказалі спэцыяльнае даручэньне намесьніка пракурора Гарадзенскай вобласьці, у якім гаварылася аб тым, што неабходна дасьледаваць дадзены ліст і бюлетэні на прадмет адміністрацыйнага правапарушэньня. Я задаў пытаньне: ці існуе ў нас таямніца ліставаньня, якая гарантаваная Канстытуцыяй? Зразумелага адказу я не атрымаў і сказаў, што паказаньні даваць ня буду. Ну чаму я павінен даваць тлумачэньні па маім лісьце, адрасаваным зусім іншым людзям?”
Пасьля гэтага Валеры Леванеўскі падаў скаргу ў абласную пракуратуру. Між іншым, ён просіць разгледзець пытаньне наконт таго, каб распачаць крымінальную справу супраць тых, хто “незаконна перахапіў і ўскрыў” ягоную карэспандэнцыю. Дарэчы, ліст ён укінуў у звычайную вулічную паштовую скрынку.
(Леванеўскі: ) “Я ня першы раз віншую дыпляматычныя місіі. Але апошнім часам я зьвярнуў увагу на тое, што карэспандэнцыя мая не даходзіць да адрасатаў альбо даходзіць з затрымкай у два-тры тыдні... Яны ўжо нахабна ня толькі перахопліваюць лісты, але патрабуюць тлумачэньняў—што там напісана? Гэта альбо правакацыя, альбо бездапаможнасьць. Яны ўжо нічога зрабіць ня могуць, а па лістах патрабуюць тлумачэньні”.
Спадар Леванеўскі вырашыў высьветліць, як дайшлі ягоныя навагоднія віншаваньні замежным дыпляматам? Аказалася, што па прызначэньні трапіла прыблізна толькі пятая частка лістоў.
Апошнімі днямі Валерыя Леванеўскага зноўку настойліва выклікалі ў РАУС для дачы паказаньняў. Навагодняе віншаваньне ўкраінскім дыпляматам па-ранейшаму не дае спакою гарадзенскай міліцыі.
Яшчэ раз засяроджу ўвагу на тым, што адносна Валера Леванеўскага не распачата ніякай крымінальнай справы, ён ня быў абмежаваны ў ліставаньні і іншых правох грамадзяніна Беларусі. Адначасна ў пракуратуры Горадні не паведамляюць, чаму ўмяшаліся ў ягоную карэспандэнцыю.
Адвакатка Вера Страмкоўская таксама адзначае, што пракуратура не рэагуе на факты незаконнай пэрлюстрацыі прыватнай карэспандэнцыі. Ва ўсялякім разе ёй пра такое рэагаваньне невядома.
(Страмкоўская: ) “На жаль, я толькі пра няўдалыя спробы ведаю. І я сама зьвярталася ў пракуратуру, і мой сын зьвяртаўся, калі ў ягоную карэспандэнцыю таксама ўмешваліся. Хаця і артыкул ёсьць у Канстытуцыі, і іншыя законы, але пакуль нічога не атрымліваецца з гэтымі справамі”.
Праваабаронца мяркуе, што гэтыя справы папросту не даходзяць да суду, бо пракуратура не праводзіць сапраўднай праверкі і ў выніку няма чаго перадаваць ў суд.
(Страмкоўская: ) “У пракуратуры заўсёды атрымліваецца, што карэспандэнцыю, як яны кажуць, тэхнічна пашкодзілі”.