ГАЛІНУ ЖУРАЎКОВУ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У КРАДЗЯЖЫ ДЗЯРЖАЎНАЙ МАЁМАСЬЦІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як і патрабуе закон, на дзясяты дзень пасьля затрыманьня Галіне Жураўковай выставілі афіцыйнае абвінавачаньне. Пра гэта паведамілі ў КГБ Беларусі. Галіна Жураўкова падазраецца ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці праз злоўжываньне службовым становішчам, які зроблены ў групе ці ў асабліва вялікім памеры. Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне зьняволеньнем на тэрмін ад 5 да 12 гадоў. Ніякіх падрабязнасьцяў справы былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта, у тым ліку сумы грошай, якія яна нібыта скрала, у КГБ не паведамляюць. Інфармуюць толькі пра час, калі пачалося расьсьледаваньне.

(Базанаў: ) “Гэта тыя крымінальныя справы, якія былі пачатыя яшчэ ў жніўні. Што будзе даказана, сьледчыя пакуль нас не інфармуюць, але, з улікам таго, што абвінавачаньне прад’яўленае, будзем рухацца да судовай пэрспэктывы”, — паведаміў прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў.

Пра тое, ці прызнае сябе Галіна Жураўкова вінаватай, Аляксандру Базанаву невядома. Паводле сьледчых, некалькі мільёнаў даляраў не патрапілі на рахунак Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта пасьля апэрацыяў з нафтай, якія правялі кіраўнікі фірмы “Белая Русь”. Супрацоўнікі гэтай фірмы Юры Матусевіч, Віктар Асіпенка, Аляксандар Мурашка ды іншыя падначаленыя Галіны Жураўковай былі арыштаваныя яшчэ напрыканцы жніўня. Магчыма, цяпер сьледзтва лічыць, што да зьнікненьня нафтавых грошай прыклала руку і былая кіраўніца справаў прэзыдэнта. Таксама яна фігуруе ў так званай “цукровай” справе. Вядома, што кіраўніцтва справаў прэзыдэнта манапалізавала цукровы рынак краіны. Усе дамовы на пастаўкі цукру ў Беларусь не абыходзіліся бяз згоды Галіны Жураўовай. Сьледчыя шукаюць доказаў яе асабістай зацікаўленасьці ў гэтых апэрацыях.

Паводле зьвестак, сьледчыя Камітэту дзяжкантролю затрымалі таксама сына Жураўковай ад першага шлюбу, прадпрымальніка Віктара Пахомава. Ён вядомы як былы ўладальнік прэстыжнага рэстарану “Талака” ў цэнтры Менску. У сьледчых ёсьць падазрэньні, што Віктар Пахомаў праз уласныя камэрцыйныя структуры прадаваў на чорным рынку аўтамабілі, якія былі канфіскаваныя мытняй. Вядома, што продаж усяго канфіскату ў дзяржаўным гандлі праз адмысловыя прадпрыемствы кіраўніцтва справаў таксама кантралявала Галіна Жураўкова.

Зьявіліся зьвесткі і пра затрыманьне мужа Галіна Жураўковай. Нібыта яго затрымалі пасьля таго, як у доме Жураўковых падчас ператрусу была знойдзеная вялікая сума ў замежнай валюце. Аднак гэтыя зьвесткі сілавымі структурамі пакуль не пацьверджаныя.