ЭЎРОПА ПАДЗЕЛЕНАЯ Ў СТАЎЛЕНЬНІ ДА РАСЕІ

Віталь Цыганкоў, Прага

Польшча, Чэхія і шэсьць іншых ўсходнеэўрапейскіх краінаў відавочна прынялі амэрыканскі бок у міжатлянтычным процістаяньні наконт вайны ў Іраку. Іхная пазыцыя звычайна разглядалася як выказваньне ўдзячнасьці і сымпатыі да Злучаных Штатаў. Аднак Томас Ілвес, былы міністар замежных справаў Эстоніі, а цяпер дэпутат парлямэнту, заяўляе, што гэта было найперш захаваньнем сваёй бясьпекі ад Расеі. “Я думаю, сапраўдная праблема, якая паўстае ў Эўразьвязе, гэта не ЗША, а адносіны з Расеяй,” – кажа Ілвес. Усходнеэўрапейцы лічаць, што заходнеэўрапейцы занадта ўміратворана настроеныя наконт таго, што адбываеца ў Расеі. У сваім імкненьні зрабіць Расею стратэгічным партнэрам Брытанія, Нямеччына і Францыя ўвесь час зьмякчаюць сваю заклапочанасьць шэрагам праблемаў – ад парушэньня правоў чалавека ў Чачэніі да ўзмацненьня аднаасобнай палітычнай улады Ўладзімера Пуціна.

Эстонскі дэпутатат зрабіў гэтыя рэзкія камэнтары ў канцы мінулага году ў Бэрліне на сустрэчы, прысьвечанай пашырэньню Эўразьвязу. І трэба сказаць, што за апошнія месяцы на Захадзе пачалася пэўная пераацэнка сытуацыі ў Расеі ў адказ на падазрэньні, што Ўладзімер Пуцін пераўтвараецца хутчэй у аўтарытарнага лідэра, а не дэмакратычнага. Напрыклад, падчас візіту ў Расею на мінулым тыдні, нямецкі міністр замежных справаў Ёшка Фішэр публічна адзначыў, што нязгодны з Пуціным у шэрагу пытаньняў – ад Чачэніі да разьвіццья дэмакратыі ў Расеі.

У наступны панядзелак, 25 міністраў замежных справаў краінаў –цяперашніх і будучых сябраў Эўразьвязу – сустрэнуцца ў Брусэлі з мэтай выпрацаваць больш узгодненую стратэгію да Расеі. Гэтая ініцыятыва нарадзілася пасьля таго глыбокага падзелу сярод краінаў Зьвязу, што выявіўся на саміце Эўразьвяз-Расея ў лістападзе ў Рыме. Але заклапочанасьць усходнеэўрапейцаў наконт Расеі застаецца вельмі глыбокай, негледзячы на тое, што часам яна адкрыта не выказваецца. Напрыклад, прапануе “Wall Street Journal”, давайце зірнем на апошнія абарончыя выдаткі Польшчы. У той час, калі іншыя эўрапейскія краіны памяншаюць свае ўзброеныя сілы, Польшча закупляе 128 нямецкіх танкаў “Леапард” у 2002 годзе і 48 амэрыканскіх зьнішчальнікаў летась. Праблема Польшчы, кажа былы міністар абароны Януш Анышкевіч, не ў пагрозе расейскай акупацыі, бо гэта малаверагодна і дасьць час на адказ НАТО. Але польскія ваенныя штабісты заклапочаныя, што Расея можа ажыцьцявіць гэткі часовы акт пакараньня, як калісьці Кітай спрабаваў даць урок віетнамцам у 1979 годзе.

У панядзелак на сустрэчы міністраў замежных справаў адным з галоўных пунктаў парадку дня будзе сьпіс з 14 патрабаваньняў Расеі да новых сябраў Зьвязу. Толькі пасьля іхняга выкананьня Расея абяцае пашырыць Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве з ЭЗ на новыя краіны Зьвязу. Падчас ранейшых павелічэньняў Эўразьвязу ўсе падобныя пагадненьні пашыраліся аўтаматычна на новых сябраў альянсу. Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў ужо назваў гэтыя патрабаваньні “шантажом”. Акрамя таго, Расея патрабуе заключэньня дамовы наконт правоў расейскамоўных у Эстоніі і Латвіі.