ЦІ ПАВІННА БЕЛАРУСЬ САСТУПІЦЬ РАСЕІ І ВЫКАНАЦЬ ЯЕ ПАТРАБАВАНЬНІ Ў ГАЗАВЫМ КАНФЛІКЦЕ?

Галіна Абакунчык, Менск

У асяродку супрацоўнікаў “Белтрансгазу”, зь якімі я сёньня размаўляла ля ўваходу ў іх офіс, пануе калі ня страх, то моцная напружанасьць: на любое пытаньне адносна разьвязкі газавага канфлікту бальшыня зь іх катэгарычна адмаўляліся размаўляць. Тыя ж, хто пагадзіўся на гэтую тэму паразважаць, выказвалі разнастайныя меркаваньні.

(Карэспандэнтка: ) “Ці павінная Беларусь выконваць патрабаваньні Расеі ў газавым канфлікце?”

(Спадар: ) “Ня ведаю, гэтыя пытаньні на ўзроўні намесьніка генэральнага, таму не магу вам нічога сказаць”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, што вам сказаць, бо гэта трэба ведаць, колькі мы каштуем у сапраўднасьці й чаго насамрэч хоча й расейскі бок і наш. Я ня маю адносінаў да лічбаў, а таму нічога сказаць не магу”.

(Карэспандэнтка: ) “А што кажуць у вашай кампаніі?”

(Спадарыня: ) “Ізноў жа — каго слухаць. Па-рознаму думаюць людзі й у кампаніі нашай, паверце мне, вельмі па-рознаму. Таму ня ведаю: і там рацыянальнае зерне ёсьць, і там”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці павінна Беларусь ісьць на ўмовы Расеі ў пляне паставак газу?”

(Спадар: ) “Я думаю, што знойдуць кампраміс і газ будуць пастаўляць. З газам усё будзе добра — гэта ўсё, што я магу вам сказаць”.

(Спадар: ) “Надта шмат на гэтае пытаньне завязана. Але дарам газу ніхто пастаўляць ня будзе. Рынак сваё возьме й проста дамовяцца — гэта само сабой”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці павінная Беларусь саступаць Расеі ў газавым канфлікце?”

(Спадар:) “Я лічу, што не. У тым пляне, што транзыт газу праз нашую краіну адбываецца не па тых коштах, якія трымаюць усе эўрапейскія краіны. Як казаў прэзыдэнт, калі прыяжджаў да нас, усё гэта робіцца фактычна бясплатна, а газ хочуць нам прадаваць па ўсясьветных коштах. Але, як ізноў жа прэзыдэнт казаў, выстаўляць эўрапейскія кошты транзыту, то паўстае пытаньне яднаньня. Ніякага яднаньня ня будзе”.

(Спадар: ) “Наконт газу цяжка сказаць. Пакуль ніякага кампрамісу ня будзе, я думаю. Усё гэта можна разглядаць як супрацоўніцтва, а не яднаньне дзьвюх краінаў. Дый у прынцыпе, калі глядзець на гісторыю, атрымліваецца, што ніколі Беларусі й не было добра пры Расеі”.

Гэтак супрацоўнікі газатранспартнага прадпрыемства “Белтрансгаз” адказвалі на пытаньне “Ці павінна Беларусь саступіць Расеі і выканаць яе патрабаваньні ў газавым канфлікце?”