ШТО ПРЫНЯСЕ ЧАРГОВАЯ РЭАРГАНІЗАЦЫЯ СЫСТЭМЫ ДЗЯРЖАЎНАГА КІРАВАНЬНЯ?

Ганна Соусь, Менск

Сёньня надрукаваны ўказ Аляксандра Лукашэнкі, у адпаведнасьці зь якім адбываецца чарговая рэарганізацыя рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня. Прыкладам, Міністэрства сувязі пераўтвараецца ў Міністэрства сувязі й інфарматызацыі, урадавы Камітэт лясной гаспадаркі — у Міністэрства лясной гаспадаркі, Камітэт навукі й тэхналёгіяў пры Савеце міністраў — у дзяржаўны Камітэт навукі й тэхналёгіяў.

Да 1 чэрвеня ўрад павінен ліквідаваць шэраг урадавых дэпартамэнтаў, а таксама стварыць новыя дэпартамэнты пры міністэрствах. Згодна з указам, праблемамі прадпрымальніцтва цяпер будуць займацца не тэрытарыяльныя органы Міністэрства эканомікі, а выканаўчыя органы ўлады на месцах. Указ таксама вызначае колькасьць чыноўнікаў і крыніцы фінансаваньня чыноўніцкіх апаратаў.

Як паведаміла Радыё Свабода прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, праект указу рыхтаваўся ў адміністрацыі прэзыдэнта й Савеце міністраў. Гэта ўжо ня першая рэарганізацыя органаў дзяржаўнага кіраваньня ў часе прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір ня можа нават згадаць колькасьці папярэдніх рэарганізацыяў.

(Чыгір: ) “Перад самым маім адыходам з ураду кабінэт міністраў зрабілі Саветам міністраў, быў прэм’ер-міністар, цяпер старшыня Савету міністраў. Я, прыкладам, гэтую апошнюю рэарганізацыю перад маім сыходам таксама не зразумеў. Задаваў пытаньні: “Навошта?” Гэта ж вялікія выдаткі, таму што трэба мяняць пячаткі, гербы. Вядома, калі ёсьць неабходнасьць, то рэарганізацыя павінна ладзіцца. Што да апошняй рэарганізацыі, то я ня думаю, што гэта дасьць нешта карыснае дзяржаве. Тое, што Камітэт лясной гаспадаркі перайменавалі — то што гэта дасьць? Колькі пячатак трэба будзе зрабіць. Можна было б гэтыя самыя функцыі надаць і бязь зьмены назвы”.

Мяркуе экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір. Ягоны калега па ўрадзе былы міністар працы Аляксандар Сасноў параўноўвае цяперашнія зьмены ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня з рэарганізацыямі савецкага часу, калі штогод міністэрствам даводзіліся заданьні скарачаць колькасьць кіраўнічага пэрсаналу.

(Сасноў: ) “І кожны год з посьпехам гэта ўсё выконвалася. Ніякіх вынікаў гэтыя рэарганізацыі не давалі. Таму што, калі пры канцы году скарачалі нейкія адзінкі, дык потым з пачатку новага году гэтыя адзінкі пачыналі ўводзіць ізноў. Што тычыцца тых скарачэньняў, якія цяпер ладзяцца, то яны ўжо праводзяцца не ўпершыню, і пачаліся ўжо на пачатку кіраўніцтва гэтага прэзыдэнта. І кожны раз высьвятлялася праз пэўны час, што людзей у апараце кіраваньня станавілася ўсё больш і больш. Трэба мяняць увогуле канцэпцыю кіраваньня ў дзяржаве. Ня трэба нам мець тых структураў, якія лезуць у эканоміку, ціснуць усё й не даюць працаваць тым, хто павінен працаваць без усялякіх камандаў зьверху”, — мяркуе былы міністар працы Аляксандар Сасноў.

У апараце Савету міністраў, куды я зьвярнулася з просьбай патлумачыць сэнс і мэты рэарганізацыі, ад камэнтароў адмовіліся.