ЦІ БУДЗЕ ЗЛУЧАНЫ “ЛІМ” З “КУЛЬТУРАЮ”?

Валянціна Аксак, Менск

Гэтая інфармацыя цыркулюе ў калідорах рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы “Літаратура і мастацтва”, утворанай залетась, паводле афіцыйнае вэрсіі, дзеля падтрымкі пяці дзяржаўных літаратурных часопісаў і тыднёвіка “ЛіМ”. Аднак камэнтаваць гэтыя зьвесткі кіраўніцтва ўстановы адмовілася. Галоўны ж рэдактар “ЛіМу” Анатоль Казлоў хварэе. А вось што сказала нашаму радыё на гэты конт галоўны рэдактар газэты “Культура” Людміла Крушынская:

(Крушынская: ) “Я такога ня чула, скажу вам шчыра…Тут штосьці ўчора наконт “ЛіМу” мне гаварылі, там штосьці такое, але зусім безадносна газэты “Культура”, зусім безадносна…”

Не дадалі яснасьці адносна лёсу “ЛіМу” і чыноўнікі Міністэрства інфармацыі. Гаворыць начальнік аддзелу Ўладзімер Матусевіч:

(Матусевіч: ) “Ні злучаць, ні зачыняць… Зачыняе ў нас газэты суд у адпаведнасьці з заканадаўствам, калі вы хоць крыху яго ведаеце, заканадаўства аб друку. Іншае ніякае рэарганізацыі газэты “ЛіМ” міністэрства не плянуе”.

Нагадаем, што прыкладна так тры месяцы таму камэнтавалі чыноўнікі згаданага ведамства і інфармацыю пра тое, што з новага году будзе прыпыненае выданьне часопісу “Крыніца”. І ён сапраўды сёлета перастаў выходзіць. Што ж тычна “ЛіМу”, то ўскосным пацьверджаньнем нейкіх мажлівых зьменаў у ягоным лёсе можа быць тое, што ўлады абяцалі ўключыць тыднёвік у сьпіс выданьняў, якія сёлета рэкамэндавана выпісаць бібліятэкам. Гэтага, аднак, ня зроблена. І сёлетні наклад выданьня не павялічыўся да чаканай лічбы ў 10 тысяч асобнікаў, якая дазволіла б яму існаваць безь дзяржаўнае датацыі. Як і летась, тыднёвік мае наклад крыху болей за паўтары тысячы асобнікаў.

Невялікі наклад, апрача ўсяго іншага, не дазволіў і зрэалізаваць ранейшых плянаў рэарганізацыі “ЛіМу” з культурніцкага ў грамадзкае выданьне, якое кіраўніцтва голдынгу зьбіралася адпаведна пераменаваць у “Літаратуру і грамадзтва”. Цяпер, паводле неафіцыйнае інфармацыі, “ЛіМ” мяркуецца зрабіць гэтак званай літаратурнай укладкай у газэце “Культура”.