СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ ЯК БЫЛЫ КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ МАЕ САМУЮ МАЛЕНЬКУЮ Ў СЬВЕЦЕ ПЭНСІЮ

Ганна Соусь, Менск

Да 1997 году дзейнічала пастанова Вярхоўнага Савету Беларусі, у адпаведнасьці зь якой пэнсія Шушкевіча як былога кіраўніка дзяржавы павінна была складаць ня менш за 75 адсоткаў ад заробку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Аднак у 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка адмяніў гэтую пастанову і выдаў указ «Аб пэнсійным забесьпячэньні асобаў, якія маюць асаблівыя заслугі перад народам Беларусі». У адпаведнасьці з гэтым указам былым першым асобам Беларусі, такім як Мікалай Дземянцей, Яфрэм Сакалоў і Вячаслаў Кебіч прызначалася пэрсанальная пэнсія ня менш за 70 адсоткаў ад заробку дзейнага прэм'ер-міністра. У сьпіс пэрсанальных пэнсіянэраў не ўвайшлі Мячаслаў Грыб, Георгій Таразевіч і Станіслаў Шушкевіч. Мячаслаў Грыб цяпер атрымлівае пэнсію як генэрал міліцыі. А вось пэнсія Станіслава Шушкевіча ад таго часу ніколі не індэксавалася і цяпер складае 3 тысячы 200 рублёў. Гэта менш за два даляры ЗША. Станіслаў Шушкевіч спрабаваў дамагчыся індэксацыі сваёй пэнсіі праз суд, аднак безвынікова. Цяпер старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня зарабляе сабе на жыцьцё тым, што чытае лекцыі ва ўнівэрсітэтах розных краінаў сьвету як былы кіраўнік дзяржавы.