NEW SCIENTIST: КІТАЙ АБВЕСЬЦІЎ СЭНСАЦЫЙНЫЯ ВЫНІКІ ВЫПРАБАВАНЬНЯЎ НОВАГА АНТЫРАКАВАГА ЛЕКУ

Сяргей Абламейка, Прага

Кітай абвесьціў, што ў бліжэйшы час у краіне пачнецца сэрыйная вытворчасьць новага геннага лякарства супраць раку. Новы лек ужо атрымаў і назву – Гендыцын. Аб гэтым інфармуе чытачоў часопіс New Scientist.

У аснову новага леку пакладзены звычайны чалавечы адэнавірус. Большасьць людзей сутыкаецца зь ім пастаянна – але праблемаў, апрача звычайнай прастуды, ён ім не стварае. Кітайскія навукоўцы вырашылі ператварыць адэнавірус ў кіраваную стралу, якая пранікне ў клеткі пухліны і прынясе туды важны ген, аналяг якога ў клетцы перастаў добра выконваць свае функцыі. Гэтым генам зьяўляецца добра вядомы анколягам ген р53, які адказвае за выпрацоўку бялкоў і кантроль іх колькасьці ў клетцы.

Клінічныя выпрабаваньні новага лякарства ішлі апошнія чатыры гады. У іх бралі ўдзел 120 добраахвотнікаў, хворых на рак насаглоткі – вельмі распаўсюджаны ў Кітаі тып раку. Адну групу хворых лячылі толькі клясычным радыяцыйным апраменьваньнем, а іншую і апраменьваньнем, і Гендыцынам. Адэнавірус, які нес яшчэ і ген р53, навкоўцы ўпырсквалі хворым пры дапамозе ўколаў проста ў пухліну адзін раз на тыдзень. Лячэньне працягвалася 8 тыдняў. Пасьля хворых назіралі яшчэ на працягу году. Вынікі аказаліся нечаканымі: у 64-х працэнтаў хворых, што атрымлівалі Гендыцын, пухліны зьніклі цалкам. Гэта ў тры разы часьцей, чым у тых пацыентаў, якіх лячылі апраменьваньнем. Адзін з аўтараў новага лякарства Чжао Хуэй Пэн паведаміў, што адзіным пабочным эфэктам Гендыцыну была высокая тэмпэратура, якая назіралася ў траціны хворых.

Часопіс New Scientist з гэтай нагоды заўважае, што схема прымяненьня адэнавіруса сама па сабе ня новая – падобныя спробы робяцца ў многіх лябараторыях сьвету. Аднак кітайскі вірус больш просты за сваіх братоў у іншых частках сьвету, і таму навукоўцы спадзяюцца, што ён ня будзе спараджаць і доўгатэрміновых пабочных эфэктаў. Такая яго якасьць тлумачыцца тым, што ён не ўступае ў кантакт з геномам клеткі. Якраз такі кантакт вірусу зь генамі клетак хворага прывёў да таго, што ў Францыі летась былі спыненыя аналягічныя выпрабаваньні геннай тэрапіі раку – тады ў двух хлопчыкаў пачалася леўкемія.

Каб пазнаёміцца з працамі кітайскіх мэдыкаў, краіну наведаў сусьветна вядомы прафэсар унівэрсытэту Паўночнай Караліны са Злучаных Штатаў Амэрыкі, пачынальнік геннай тэрапіі Фрэнч Андэрсан. Пасьля азнаямленьня з вынікамі выпрабаваньняў Гендыцыну ён заявіў, што “кітайцы сапраўды правялі сур’ёзнае дасьледаваньне, і іх вынікі – плён усебаковага аналізу”. Андэрсан прызнаў, што адэнавірус кітайцаў – сапраўды больш просты, чым заходнія аналягі, але “часам простае ёсьць лепшым...” – сказаў ён.

Адзін з аўтараў кітайскага леку Гендыцын Чжао Хуэй Пэн спадзяецца, што лек будзе дзейнічаць так пасьпяхова і супраць іншых формаў раку.

Завядзеньне да лякарскай практыкі ў Кітаі Гендыцыну можа вылікаць пратэсты заходніх навукоўцаў. На Захадзе лічаць, што новы лек недастаткова выпрабаваны, і доўгатэрміновыя пабочныя эфэкты могуць яшчэ праявіцца пазьней. Але кітайскія лекары сьцьвярджаюць, што выратаваньне жыцьцяў – больш важная справа, чым патэнцыйная шкода ад нечаканых ускладненьняў. Тым часам парфэсар Фрэнч Андэрсан згадзіўся стаць бясплатным кансультантам кітайскай фірмы, якая хутка пачне вырабляць гендыцын. Гэты факт сьведчыць пра пэрспэктыўнасьць самой справы.

***

У эфіры Радыё Свабода. У студыі Сяргей Абламейка. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. На чарзе парады амэрыканскай арганізацыі RealAge.

1. Калі вы чуеце гукі транспарту за вакном падчас сну, паспрабуйце затыкаць вушы. Слухавая сыстэма чалавека працуе нават тады, калі вы сьпіцё. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што ў людзей, якія сьпяць пры пабочных гуках, у крыві ўзрастае ўзровень гармонаў стрэсу, у прыватнасьці картызону. Тым часам вядома, што падвышаны ўзровень гэтых гармонаў прыводзіць да заўчаснага старэньня і хваробаў. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

2. Старайцеся пазьбягаць у сваёй дыеце тлустых печаных кандытарскіх вырабаў. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што тлустае печава можа пашкодзіць вочы, у прыватнасьці выклікаць дэградацыю рагавіцы і глаўкому, ад якой шмат хто губляе зрок. Навукоўцы высьветлілі, што аматары тлустага печава ў два разы часьцей хварэюць на гэтую хваробу. А зь іншага боку высьветлілася, што гарэхі паляпшаюць стан вачэй і запавольваюць іх хваробы. У гэтай сувязі RealAge сьведчыць, што дыета з паніжаным утрыманьнем тлушчаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.